У Браслаўскім раёне аб’явілі спаборніцтва па ўборцы ўраджаю

Новости
Прэзідыум Браслаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу 22 ліпеня зацвердзіў умовы раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.

Згодна з імі спаборніцтвы праводзяцца сярод камбайнераў, вадзіцеляў, маладых камбайнераў і вадзіцеляў. Так, камбайнер, які першым у раёне намалоціць 1 000 тон збожжа, атрымае грашовы падарунак у памеры трох базавых велічынь, 2 000 тон — у памеры пяці базавых велічынь. Вадзіцель транспартнага сродку, які першым у раёне перавязе ад камбайна 1 000 тон зерня, атрымае грашовы падарунак у памеры дзвюх базавых велічынь, 2 000 тон — у памеры трох. Прызавое месца прысуджваецца 1 раз за перыяд уборачнай кампаніі. Пераможцы ў дадзеных намінацыях, акрамя грашовага заахвочвання за кошт сродкаў райкама прафсаюза, будуць узнагароджаны і дыпломамі.

Ад райкама БРСМ заахвочвальны падарунак коштам у тры базавыя велічыні атрымае малады камбайнер, які першым намалоціць 1 000 тон збожжа, малады вадзіцель, які першым перавязе ад камбайна 1 000 тон зерня — коштам у памеры дзвюх базавых велічынь.

Агульнай умовай для вызначэння пераможцаў з’яўляецца адсутнасць выпадкаў вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнай дысцыпліны. ■

Казімір ПЯТУШКА