Як жыў Браслаўскі раён у першыя 25 гадоў пасля вайны

Браславскому району — 80 лет Калейдоскоп
Адразу пасля вялікай Айчыннай вайны ў СССР пачалося аднаўленне мірнага жыцця. Менавіта ў гэтыя часы закладваецца падмурак многіх накірункаў развіцця раёна, таму 50 – 60 гг. можна лічыць лёсавызначальнымі ў жыцці Браслаўшчыны.

Так, у пачатку 50-х гадоў актыўна ўзнікалі сельгасарцелі. Драбната такіх фарміраванняў не спрыяла развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці, таму ў 1951—1953 гг. пачалося іх аб’яднанне. Для маладых кіруючых кадраў была арганізавана вучоба і семінары, дзе вывучалі агратэхнію, зоаветэрынарыю, пытанні арганізацыі і ўліку працы.

Ужо ў 1965 годзе ў раёне існавалі 44 калгасы і саўгасы. Каб было зручней працаваць і жыць, многія пераязджалі з хутароў ў вёскі, дзе будаваліся дамы культуры, школы, медпункты і інш. Адначасова з узбуйненнем арцеляў раслі і машынна-трактарныя станцыі, якія паступова абзаводзіліся сельскагаспадарчай тэхнікай.

Вялікая ўвага ўдзялялася развіццю мясцовай прамысловасці, некаторыя прадпрыемствы ўзнікалі на базе сельгасарцеляў. Да пачатку 60-х у раёне з’явіліся аўтабаза, хлебазавод, малаказавод, гароднінасушыльны завод, торфабрыкетны. У лясгасе быў створаны цэх па вырабе прадметаў шырокага ўжытку. У райкамбінаце выпускалі мэблю.

Сямімільнымі крокамі ішло ў раёне будаўніцтва. Калі да вайны ў горадзе налічваліся 442 дамы, то адразу пасля вайны з’явіліся яшчэ 438. Напрыканцы 60-х камунальны жыллёвы фонд вырас да 14 470 квадратных метраў. У раённым цэнтры пабудавалі пяць двухпавярховых дамоў, цэлы пасёлак вырас ля рыбзавода. Таксама будаўнікі ўзвялі ў горадзе кінатэатр, гасцініцу, лазню. Будаўніцтва ішло і на сяле. Напрыклад, у Ахрэмаўцах, Замошшы, Бяльмонтах было пабудавана 900 дамоў, Дом культуры, пошта і магазіны, ішла электрыфікацыя. У 1965 годзе план па будаўніцтве ў Браславе, Відзах і Друі быў перавыкананы.

З ростам насельніцтва ў раёне, пераездам з хутароў і пашырэннем населеных пунктаў узмацнялася і гандлёвая сістэма. У 1960-х на Браслаўшчыне існавалі 227 гандлёвых кропак, дзе працавалі 1 026 чалавек. У сістэме райспажыўсаюза былі 64 прадпрыемствы харчавання, рэстаран, аўтапарк, 4 пякарні, 2 каўбасныя цэхі, 2 аўталаўкі.

Паляпшаліся ўмовы жыцця: практычна паўсюдна з’явілася электрычнасць. У 1964 годзе быў заснаваны «Браслаўрайгаз», які называўся тады мантажна-эксплуатацыйным участкам звадкаванага газу.

Краявіды Браслаўшчыны становяцца папулярнымі ў турыстаў. Развіваецца адпаведная інфраструктура. У 1960 годзе адкрылася турбаза «Браслаўскія азёры». Гэта было некалькі невялікіх домікаў. За адзін заезд тут прымалі па 150 чалавек адначасова. У 1965 годзе на Дрывятах быў узведзены дыхтоўны двухпавярховы будынак з кацельняй і каналізацыяй.

Культурнае жыццё таксама набірала абароты. За 20 першых пасляваенных гадоў ў раёне ўзніклі бібліятэкі, дамы культуры. У Браславе ў 1960-х працаваў кінатэатр «Дружба», тры клубы, раённы Дом культуры, раённая і дзіцячая бібліятэкі, у якіх было зарэгістравана звыш 1 300 чытачоў. Палюбіліся жыхарам раёна святы Вясны і Ураджаю. Яны праводзіліся ў Браславе, Опсе, Відзах, Ахрэмаўцах, Слабодцы. У канцы ж 60-х зарадзілася і галоўнае свята раёна — «Браслаўскія зарніцы». ■

Алена НАБЕЕВА