ААТ «Агравідзы»: аб’ёмы сенакосу найбольшыя

Люди

Калі зазірнуць у раённую зводку пра ход нарыхтоўкі травяных кармоў на зімова-стойлавы перыяд у гаспадарках раёна, можна заўважыць, што ў ААТ «Агравідзы» іх у пераразліку на цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы назапашана менш, чым у сярэднім па раёне. Але гэта зусім не значыць, што ў арганізацыі дадзенага віду сельскагаспадарчых работ існуюць невырашальныя праблемы і корманарыхтоўчы атрад працуе горш, чым у іншых гаспадарках. Наадварот, за дзень ён скошвае і прыбірае з палёў сена і сенажу на плошчы па 60-70 гектараў, што намнога больш, чым у іншых гаспадарках.

Справа ў тым, што ў акцыянерным таварыстве больш за 5 тыс. га сенажацяў — гэта трэцяя частка ўсіх планавых плошчаў сенакосу ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Па аператыўнай інфармацыі пра ход сельскагаспадарчых работ, па стане на 23 ліпеня 70 % траў першага ўкосу скасілі працаўнікі «Агравідзаў» і нарыхтавалі 921 т сена, 12 242 т сенажу (больш толькі ў «Маяку Браслаўскім»). Але трэба мець на ўвазе, што яшчэ звыш 7 тыс. тон нарыхтаванай зялёнай масы пайшло на корм кароў на жывёлагадоўчым комплексе ў ВідзыЛаўчынскіх і на комплексе па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ў Ждэгелях.

Таму невялікі, але мабільны корманарыхтоўчы атрад акцыянернага таварыства сапраўды працуе не пакладаючы рук з 7 раніцы да 8 гадзін вечара. Пра яго поспехі сведчаць і вынікі раённага спаборніцтва: у кагорце лідараў корманарыхтоўкі трывала замацаваліся і 4 механізатары з «Агравідзаў»: Леанід Вясна, Віктар Зюрын, Аляксандр Лапушынскі і Дзмітрый Талапін. ■

Казімір ПЯТУШКА