У Браслаўскім раене праходзяць рэйды па ахове і аплаце працы падчас корманарыхтоўкі

Безопасность
Старшыні Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і галіновага саюза АПК Вераніка Сінькевіч і Мікалай Вялічка штотыдзень праводзяць рэйды па сельгаспрадпрыемствах раёна. Галоўная ўвага — ахове працы падчас корманарыхтоўкі і выплаце заработнай платы.

На гэты раз прафсаюзныя лідары наведалі ААТ «Бярозавы край» і «Агравідзы». Як яны самі неаднаразова падкрэслівалі, мэта іх візіту — папярэдзіць і падказаць, дзе ёсць недахопы ў ахове працы. Таму практычна паўсюдна адбываліся сустрэчы са спецыялістамі, адказнымі за гэты напрамак работы.

Падчас маніторынгу Вераніка Сінькевіч і Мікалай Вялічка пабывалі на машынных дварах, пазнаёміліся з умовамі працы і адпачынку работнікаў, даведаліся пра забеспячэнне іх спецвопраткай, вядзенне журналаў інструктажаў і арганізацыю гарачага харчавання.

Асобная тэма — своечасовасць выплаты заработнай платы згодна з калектыўнымі дагаворамі, а таксама належныя выплаты маладым спецыялістам. Па словах старшыні раённай арганізацыі прафсаюзаў Веранікі Сінькевіч, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў павінны быць зацікаўлены ў замацаванні маладых кадраў, таму неабходна ствараць ім камфортныя ўмовы працы, замацоўваць настаўнікаў і інш.

Па выніках маніторынгу «Агравідзы» і «Бярозавы край» атрымаюць лісты з рэкамендацыямі і выяўленымі недахопамі, апошнія трэба будзе ліквідаваць у пэўны тэрмін. Разам з тым падобныя мерапрыемствы будуць працягвацца і далей. У планах прафсаюзных лідараў — выезды ў іншыя сельгаспрадпрыемствы. ■

Алена НАБЕЕВА