Пра што пісала «Браслаўская звязда» 40 гадоў таму назад (ліпень 1980-га)

Калейдоскоп
ПРЫГАЖЭЕ ГОРАД

Добраўпарадкоўваецца Браслаў. Працягваюцца работы па рэканструкцыі помніка загінулым воінам і партызанам, што знаходзіцца ў парку. Па-новаму афармляюцца ўезды ў горад. Ля заправачнай станцыі ўстаноўлена скульптура жанчыны, якая нібы вітае ўсіх, хто прыязджае ў Браслаў. Падобная фігура, што сімвалізуе гасціннасць мясцовых жыхароў, з’явіцца і на ўездзе ў горад з усходу.

АЗЁРЫ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЧЫСТЫМІ

Набыла злабадзённасць праблема аховы вадаёмаў ад забруджвання, якое адбываецца не без удзелу ўладальнікаў маторных лодак. Плывучых сродкаў развялося шмат, іх тэхнічны стан рэгулярна не правяраецца, стаянкі знаходзяцца на берагах рэк і азёр у межах населеных пунктаў на неабсталяваных пляцоўках. Гэта прыводзіць да скідаў гаруча-змазачных матэрыялаў у вадаёмы, а язда на такіх лодках шкодзіць узнаўленню рыбных запасаў. Таму з 12 чэрвеня 1980 года забараняецца выкарыстанне маторных сродкаў на 17 азёрах і 2 рэках Браслаўшчыны.

«ЧЭМПІЁН» ВЫЗНАЧЫЎСЯ

Як ні дзіўна, але ёсць рэкорды, якія не патрабуюць асаблівага напружання фізічных і маральных сіл: яны нараджаюцца быццам бы самі па сабе. Да разраду такіх з поўным правам можна аднесці і «вышэйшае» дасягненне калгаса «Гігант», які стаў чэмпіёнам раёна па продажы дзяржаве негатунковага малака: 4,6 % ад усёй рэалізаванай прадукцыі з пачатку года залічаны яму ў «рэкордную» вагу. Праўда, на шляху за чэмпіёнскім званнем калгасная каса недалічылася пэўнай грашовай сумы, але такой «дробязі» тут не заўважылі.

ЛЯСНЫЯ «ГАСЦІНІЦЫ»

Маляўнічае ўрочышча Окменіца. Сасновы бор, роўнядзь возера Струста, пясчаныя пляжы — усё гэта прыцягвае шматлікіх турыстаў. Тут створана месца адпачынку. Абсталявана вогнішча, устаноўлена лясная «мэбля», пабудаваны шалашы-альтанкі для ўкрыцця ад непагадзі, вызначаны месцы для стаянкі аўтамабіляў і збору бытавых адходаў. Стварыць зоны адпачынку ў кожным з 95 абходаў — такую задачу паставілі перад сабой работнікі лясгаса. Ужо абсталяваны 43 стаянкі.

ЗАСЛОН БРУДНЫМ СЦЁКАМ

Каб захаваць непаўторныя краявіды нашага блакітнага краю, трэба перш за ўсё берагчы азёры. Нельга дапускаць іх забруджвання, крыніцай якога з’яўляюцца адходы прамысловасці і камунальнай гаспадаркі. Нядаўна ў строй уступілі гарадскія ачышчальныя збудаванні. Агульная іх плошча — 8 га. Будаўніцтва абышлося ў мільён рублёў. Ачышчальныя збудаванні здольны перапрацоўваць 8 700 м3 сцёкаў за суткі. Можна гарантаваць: нашы азёры застануцца чыстымі.

ЧВЭРЦЬ ПРАЦОЎНАЙ ЗАГАРТОЎКІ

Школьнае лета не толькі пара бесклапотнага адпачынку, гэта перыяд, калі дзеці набіраюцца новых сіл і ведаў, сталеюць і мужнеюць у працы. Нездарма летнія канікулы называюць пятай працоўнай чвэрцю. Сёлета, як і ў мінулыя гады, вытворчая брыгада Відзаўскай СШ вырошчвае ў калгасе «Уперад» і саўгасе «Камуніст» 12 га буракоў. Работа на плантацыях — асноўны занятак старшакласнікаў, малодшым вучням даручаны прышкольны ўчастак, яшчэ адно звяно добраўпарадкуе двор школы і стадыён.

АБЯЦАННІ НЕ ВЫКОНВАЮЦЦА

Дзейнічаў у нас аўтобусны маршрут Браслаў — райсельгастэхніка. Пра час адпраўкі і прыбыцця аўтобусаў з райцэнтра і Ахрэмаўцаў кіраўніцтва аўтабазы № 18 паведаміла насельніцтву праз газету. Людзі былі вельмі задаволены маршрутам. Аднак з пачатку мая арганізацыя стала парушаць абяцанні. Спачатку рэйсы зрываліся па 1 – 2 разы на тыдзень, потым — амаль штодзень. Між тым устаноўлены распарадак руху задавальняў рабочых трох прадпрыемстваў, калгаснікаў, школьнікаў і інш. Як гэтага не можа зразумець кіраўніцтва аўтабазы?

ШЧАСЛІВЫЯ БІЛЕТЫ

Пятага ліпеня адбыўся тыраж першага выпуску латарэі ДТСААФ. Уладальнікамі дванаццаці выйгрышаў сталі жыхары нашага раёна. Так, на білет, рэалізаваны распаўсюджвальнікамі ў калгасе імя Дзімітрава, выпаў фотаапарат «Зеніт-Е» коштам 110 рублёў. Сярод выйгрышаў — два прыёмнікі «Альпініст-203», радыёла «Мерыдыян-210», мікракалькулятар і складны веласіпед. Наступны тыраж адбудзецца ў Віцебску ў снежні. ■

Жанна БЯЛЬКО