Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч правёў у Браславе прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб

Новости
Прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Браславе правёў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч.

З надзённай праблемай да яго прыйшоў толькі адзін чалавек. Тым не менш узнятае пытанне аказалася надзвычай актуальным.

Да старшыні Дзяржкаммаёмасці звярнуўся выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Міхайлаў. Сітуацыя, з якой яму давялося сутыкнуцца, наступная.

У гаспадарцы ёсць ферма, якая даўно не выкарыстоўваецца. Пабудаваная больш чым 60 гадоў таму назад, яна належным чынам не была аформлена, ці дакументы з цягам часу згубіліся. Калі абапірацца на пастулаты навядзення парадку на зямлі, яе трэба зносіць. У адваротным выпадку пабудова патрабуе ўвагі, часу ды сродкаў — на ўтрыманне і кансервацыю.

У той жа час мясцовы фермер зацікаўлены ў нерухомым актыве для сваёй гаспадаркі і гатовы прывесці яго ў парадак і ўцягнуць у абарот. Праблема ў тым, як перадаць старую ферму прыватніку, не парушаючы заканадаўства, якое такія выпадкі не прадугледжвае

. Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін завастрыў увагу на тым, што прыклад паказальны, але не адзінкавы. «Для Браслаўскага раёна гэта вельмі актуальная праблема. Разам з тым мы ўзялі на сябе пэўныя абавязкі па развіцці ў рэгіёне фермерства, якое таксама павінны падтрымліваць», — сказаў ён.

На гэтым фоне Дзмітрый Матусевіч адзначыў, што падобныя сітуацыі час ад часу ўзнікаюць, аднак акцэнтаваў увагу, што хутка знайсці адказ на гэтае пытанне не атрымаецца: яно патрабуе глыбокага аналізу і, магчыма, прыняцця пэўных змяненняў у заканадаўчай сферы. Тым не менш ён паабяцаў шчыльна заняцца праблемай і знайсці варыянт яе вырашэння.

Разам з тым зацікаўленыя асобы абмеркавалі з галавой Дзяржкаммаёмасці іншыя аспекты рэалізацыі на Браслаўшчыне профільнага заканадаўства. У тым ліку гаворка ішла пра рэалізацыю жадаючым дамоў, некалі пабудаваных па праграме адраджэння сяла. Многія з іх сёння стаяць пустымі і па законе могуць быць выкарыстаны толькі як арэнднае жыллё. Але месцамі попыту на іх у гэтым аплуа няма, тады як ёсць жадаючыя набыць іх у прыватную ўласнасць, напрыклад, пад дачу. Праблема, як высветлілася, распаўсюджаная, і занепакоенасць ёй таксама выказаў Д. Матусевіч, адзначыўшы пры гэтым яе актуальнасць у разрэзе эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай маёмасці. Ён паабяцаў узняць пытанне на ўзроўні заканатворцаў і распаўсюдзіць вопыт вырашэння падобных задач на ўсю рэспубліку. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ