У Опсаўскай школе праводзяць эксперымент па вырошчванні цыбулі

Отдых
Сярод запатрабаваных гаспадынямі гароднінных культур асаблівае месца займае цыбуля. Праз вялікую колькасць карысных рэчываў і вітамінаў яна ўжываецца пры прыгатаванні многіх страў, вядомая таксама і сваімі лекавымі магчымасцямі. Аднак агароднікі ведаюць, што, каб атрымаць добры ўраджай, трэба правільна выбраць сорт і ведаць асноўныя правілы высадкі і догляду. Вось і ГА «Беларускі зялёны крыж» праводзіць сёлета сортавыпрабавальны эксперымент па вырошчванні цыбулі на базе 28 сельскіх школ Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. У ліку ўдзельнікаў цікавага і карыснага даследавання і Опсаўская яслі-сад — сярэдняя школа.

Атрымаўшы ад арганізатараў метадычныя матэрыялы, насенне і ўгнаенні, калектыў установы адукацыі пасадзіў 3 сарты цыбулі нідэрландскай селекцыі і 2 — беларускай, каб выявіць найбольш ураджайныя і перспектыўныя для нашага рэгіёна, на яшчэ адным сорце апрабавалі расадны і безрасадны спосабы вырошчвання, прычым як звыклы — у скрыні, так і новы — у так званых улітках (скручаных слаях пенаполіэтылену з зямлёй). У работу ўключыліся многія вучні і педагогі: адны мелі справу з насеннем, іншыя шчыравалі на ўчастку, а камусьці давялося нават заняцца вырабам неабходных інструментаў. Да таго ж скрупулёзна фіксавалі вынікі доследу ў спецыяльным дзённіку па прапанаванай схеме.

У ходзе эксперыменту яго ўдзельнікі пільна сачылі за ўсходжасцю насення. Дарэчы, гаспадыні могуць узяць на ўвагу: ва «ўлітках» паказчыкі аказаліся вышэйшымі на 13 %, сеянкі прараслі хутчэй і былі мацнейшымі, чым у скрыні. Таксама ў адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі праводзілася падкормка і падрэзка.

Высадка на градкі прымусіла пахвалявацца: надвор’е падкідвала «сюрпрызы», але цыбульная расада іх перажыла. З усталяваннем цяпла пасадзілі на доследную дзялянку цыбулю і насеннем, тым самым завяршыўшы першы вялікі этап эксперыменту. Нават шквалісты вецер і лівень не змаглі перашкодзіць, хоць некалькі раслін і загінулі.

Першыя вынікі выклікалі ў опсаўскіх даследчыкаў гонар за сарты беларускай селекцыі, адзін з якіх, «Скарб Літвінаў», і ўзначаліў рэйтынг.

Эксперымент, які праходзіць у рамках праекта «Школьны сад», працягнецца да верасня. Восенню яго ўдзельнікі абмяркуюць вынікі і акрэсляць планы правядзення новых сельскагаспадарчых ініцыятыў. ■

Жанна БЯЛЬКО