У школах Браслаўскага раёна ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года

Новости
Не пустуюць летняй парой установы адукацыі Браслаўшчыны: яны актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Каб першага верасня дзеці вярнуліся ў абноўленыя класы, у школах вядуць планавы рамонт памяшканняў, не забываюцца і пра ўладкаванне прылягаючых тэрыторый.

Як паведаміў начальнік аддзела Браслаўскага райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч, рамонтныя работы ідуць ва ўсіх установах раёна (на сённяшні дзень гэта гімназія, 10 школ і 11 дзіцячых садоў). У адных з іх прадугледжана толькі касметычнае добраўпарадкаванне, іншыя ж закрануў дастаткова сур’ёзны рамонт. Школы ажыццяўляюць работы як сваімі сіламі — за кошт заробленых пазабюджэтных сродкаў, так і з прыцягненнем фінансавання з мясцовага бюджэту. Напрыклад, на бягучы рамонт Відзаўскай сярэдняй школы выдзелена 100 тысяч рублёў, гарпасялковага дзіцячага сада і ясляўсада — 150 тыс.

Вялікую ўвагу ў раёне ўдзяляюць падтрыманню ў належным стане спартыўнай базы ўстаноў адукацыі. Так, сёлета навучэнцы Опсаўскай ЯССШ будуць займацца ў абноўленай спартзале: на яе рамонт затрачана 90 тыс. руб.

У яслях-садзе № 2 г. Браслава ўстаўлены 15 новых аконных блокаў, прыблізна столькі ж будзе заменена і ў яслях-садзе № 1. У першай гарадской школе плануецца бягучы рамонт часткі мяккага даху. Не спыняюцца таксама работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона.

Ступень гатоўнасці школ і дзіцячых садоў да новага навучальнага года будуць ацэньваць спецыялісты: ужо створана адпаведная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Вольгай Вялічка. Прыёмка ўстаноў адукацыі пачнецца з 4 жніўня, а значыць, у калектываў школ яшчэ застаецца час, каб завяршыць запланаваныя работы. ■

Жанна БЯЛЬКО