Квітней, наш край! Азеляненне Браслаўшчыны ідзе актыўна

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Азеляненне населеных пунктаў — пытанне, важнае не толькі з пункту гледжання прыгажосці і камфорту. На Браслаўшчыне ў 2018—2020 гг. ішло актыўнае азеляненне горада, пасёлка Відзы і аграгарадкоў.

Дрэвы высаджвалі падчас правядзення рэспубліканскай экалагічнай кампаніі «Уладкуем малую радзіму», суботнікаў, добраўпарадкавання набярэжнай возера Дрывяты, вуліц Браслава, тэрыторый сельсаветаў, а таксама ў рамках правядзення мерапрыемстваў да значных юбілейных дат: 80-годдзя вобласці і раёна, 955-годдзя Браслава і 75-годдзя Вялікай Перамогі. Нямала кветак, туй і дрэўцаў з’явілася каля адрамантаваных будынкаў школы № 2, дзіцячага сада № 3, новага шматкватэрнага дома, на вуліцах Садовай, Кастрычніка, Дзяржынскага, Юбілейнай, у раёне новай забудовы ў Княжыне.

Акрамя таго, некаторыя арганізацыі, вымушаныя з прычыны вытворчай неабходнасці выдаляць дрэвы, павінны кампенсаваць такія высечкі. Гэтыя грошы паступаюць на спецыяльны рахунак. Напрыклад, у 2018 годзе за іх праводзілася азеляненне ў населеных пунктах Опсаўскага сельсавета, а 11,5 тыс. руб. «Браслаў-камунальнік» патраціў на закупку 542 даволі экзатычных для нашага краю раслін, такіх як клён глабозум, бук, туі, ядловец і іншыя. Іх пасадзілі ў горадзе па вул. Садовай, Кастрычніка і іншых.

Напэўна, многія ўжо заўважылі, што зусім нядаўна з’явілася прыгожая алея і на «Брукоўцы».

Ужо сёння вялікая колькасць кветак і дрэўцаў радуе мясцовых жыхароў і гасцей горада, а праз некалькі гадоў саджанцы падужэюць і стануць сапраўдным упрыгажэннем Браслаўшчыны. ■