Малады дырэктар ПМК-42: «Галоўнае — захаваць калектыў і развівацца»

Люди
За плячамі Яўгенія Немкаловіча стаж будаўніка працягласцю 14 гадоў. І ўвесь гэты час ён адпрацаваў у адзінай арганізацыі, з той толькі розніцай, што пачынаў свой працоўны шлях у перасоўнай механізаванай калоне майстрам, затым быў прарабам, старшым прарабам, галоўным інжынерам, а ў сакавіку мінулага года назначаны і дырэктарам ПМК-42.

Яўгенію не трэба было ламаць галаву, куды пайсці вучыцца пасля школы: перад вачамі быў прыклад бацькі, які з тэхнічнай адукацыяй працаваў у меліярацыі, і старэйшага брата — інжынера-будаўніка. У Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы юнак атрымаў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка і быў прыняты на работу ў ПМК-42. Працуючы тут спачатку майстрам, Яўгеній без адрыву ад вытворчасці павышаў сваю кваліфікацыю ў Полацкім дзяржуніверсітэце, дзе ўрэшце яму і ўручылі дыплом інжынера-будаўніка.

У механізаванай калоне Я. Немкаловіч прайшоў усе прыступкі кар’ернага росту. За гэты час будаўнічая арганізацыя з рознай трываласцю стаяла на нагах, але, па словах Яўгенія Ануфрыевіча, у яго ніколі нават і думкі не ўзнікала пашукаць у іншым месцы больш смачнага хлеба.

Сёння фінансавае становішча ПМК42 стабільнае: няма пратэрміноўкі ні па падатках, ні па адлічэннях у фонд сацыяльнай абароны. «Устойлівасці калоны моцна летась дапамаглі «Дажынкі», — кажа дырэктар. — Загружанасць была стапрацэнтная, і паказчыкі добрыя. Да таго ж працавалі на мясцовых аб’ектах, значыць, без лішніх камандзіровачных расходаў».

Дарэчы, адной з самых асноўных сваіх задач як дырэктара Я. Немкаловіч лічыць забеспячэнне калектыву, у якім сёння амаль 100 чалавек, няспыннай работай. «Прастоі горш за ўсё, — заўважае ён. — У такім разе людзі вымушаны ісці ў водпускі, за свой кошт, самастойна шукаць работу. У гэтай сітуацыі церпяць усе: і арганізацыя, і людзі».

Трэба сказаць, што будаўнікі механізаванай калоны забяспечаны аб’ёмамі да канца года і сёлета. Так, у Браславе закончылі мадэрнізацыю на рэтранслятары, закладку фундамента для шматкватэрнага дома долевага будаўніцтва па вул. Садовай, тут жа правядуць яшчэ ўсё запраектаванае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Шчыруюць работнікі ПМК і на пяці аб’ектах у Відзах — праводзяць рамонт у дзіцячым і ясляхсадзе, у школе, Доме культуры і на пункце пропуску. Але такіх аб’ёмаў для паўнацэннай работы мала. Таму механізаваная калона выйграла тэндар і як генпадрадчык будуе цагляны 40-кватэрны жылы дом у Мёрах і 4 аднакватэрныя дамы ў Верхнядзвінску.

Напрыканцы размовы з маладым энергічным дырэктарам, які паспявае выконваць яшчэ і вялізны аб’ём работы за галоўнага інжынера (гэтая пасада па сённяшні дзень вакантная), пацікавіўся яго бачаннем перспектыў арганізацыі.

— Найперш трэба захаваць стабільнасць работы працоўнага калектыву і па магчымасці развівацца, — разважае Яўгеній Немкаловіч. — А для гэтага нельга стаяць на месцы. У прыватнасці, неабходна самастойна выконваць усе віды работ, у тым ліку не зусім будаўнічыя, а спецыяльныя, такія, напрыклад, як электрыка, сантэхніка. Дарэчы, на будаўніцтве дома ў Мёрах будзем самі займацца і спецработамі. ■

Казімір ПЯТУШКА