Ад ініцыятывы да дабрабыту — разам с органамі мясцовага кіравання Плюскага сельсавета

Власть и общество
Органы мясцовага кіравання на сяле — і ўлада, і памочнік, і дарадчык. Сюды ідуць з праблемамі, прапановамі і скаргамі, тут шукаюць адказы на хвалюючыя пытанні. Таму ад таго, як у гэтым кантэксце пабудавана работа на месцы, залежыць не толькі эфектыўнасць вырашэння пытанняў жыццядзейнасці рэгіёна, але і ўзровень даверу насельніцтва да дзяржавы.

Выкананне на тэрыторыі Плюскага сельсавета Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» разгледзелі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Па словах старшыні сельсавета Таццяны Мядзіль, колькасць насельніцтва на падведамаснай тэрыторыі складае крыху больш за 1 тысячу чалавек. З іх 106 — дзеці, 333 — пенсіянеры і 620 — працаздольныя па ўзросце. Арганізацый няшмат: аддзяленне сельгаспрадпрыемства, пагранічная застава, пажарны пост, магазін, сацыяльная ўстанова для састарэлых і інвалідаў, школасад, урачэбная амбулаторыя, 3 ФАПы, Дом культуры, бібліятэка і пошта. Дзейнічаюць 9 аграэкасядзіб і 3 фермерскія гаспадаркі.

Між тым наяўнасць устаноў і прадпрыемстваў на сяле — надзвычай важная рэч. І справа не толькі ў працоўных месцах і эканоміцы: любы старшыня сельсавета скажа, што гэта — эфектыўныя памочнікі ў вырашэнні надзённых задач. І чым большая іх колькасць і вышэйшая якасць, тым працаваць лягчэй, а дасягнутыя вынікі літаральна па любым накірунку больш важкія.

Неабыякавыя людзі — таксама «залаты фонд» мясцовай улады. У Плюскім сельскім Савеце дэпутатаў, напрыклад, 11 народных выбраннікаў. Двое прадстаўляюць інтарэсы тэрыторыі на раённым узроўні. Карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і старэйшыны населеных пунктаў. Практыка паказвае, што разам ці паасобку ўсе гэтыя людзі здольныя вырашаць нават самыя складаныя задачы накшталт добраўпарадкавання ці рамонту водаправода.

Дарэчы, навядзенню парадку на зямлі на месцах надаецца вельмі вялікая ўвага. За мінулы год, напрыклад, у Плюскім сельсавеце на гэтыя мэты накіравана амаль 5 тысяч рублёў. Сродкі пайшлі на добраўпарадкаванне, вулічнае асвятленне, утрыманне вулічна-дарожнай сеткі. Паралельна ідзе азеляненне, санітарныя вырубкі, рэкультывацыя, барацьба з баршчэўнікам, знос лядашчых дамоў. Асаблівую ўвагу мясцовыя ўлады ўдзяляюць падтрымцы ў належным стане воінскіх і грамадзянскіх пахаванняў, мемарыялаў.

Асабістыя прысядзібныя гаспадаркі таксама заўсёды ў полі зроку мясцовай улады. Нягледзячы на пастаяннае скарачэнне іх колькасці, абумоўленае складаным дэмаграфічным становішчам, клопат і падтрымку з боку сельсавета яны адчуваюць істотныя. Т. Мядзіль адзначае, што ў гэтым плане галоўныя намаганні накіраваны на арганізацыю закупу малака і разлікаў за яго, абарот маладняку БРЖ. Значная работа вядзецца ў разрэзе забеспячэння бяспекі — пажарнай, пагранічнай і грамадскай, а таксама сацыяльнага дабрабыту.

Разам з тым старшыня райсавета Ніна Пучынская завастрае ўвагу на неабходнасці актывізацыі работы па продажы зямельных участкаў. «Гэта выдатная крыніца сродкаў на развіццё тэрыторыі», — рэзюмавала яна. Недастатковай прызнана і дзейнасць сельвыканкама па зносе пустых дамоў, уцягванне ў абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца.

«Плюскі рэгіён — край багатай прыроды, аблюбаваны турыстамі. Разам з актыўнай пазіцыяй у сферы міжнародных праектаў гэты факт можа стаць кропкай росту для бізнесу і мясцовай эканомікі ў цэлым. Патэнцыял ёсць», — упэўнены старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін.

Сапраўды, у раёне ёсць прыклады, калі комплексны падыход — з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў — даваў вельмі добрыя вынікі. Але такі расклад меў места толькі там, дзе былі ініцыятыва, пэўныя рэсурсы і падтрымка на ўсіх узроўнях. Вядома ж, што разам вырашаюцца нават самыя складаныя задачы. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ