Старэйшына Іна Ванага — сувязное звяно паміж жыхарамі сельскай мясцовасці і ўладай

Люди Новости
Сувязным звяном паміж жыхарамі сельскай мясцовасці і ўладай з’яўляюцца старэйшыны. Яны дапамагаюць вырашаць самыя разнапланавыя жыццёвыя пытанні, часам не лічачыся з уласным часам. У Богіна такі чалавек — Іна Ванага.

Мясцовая жыхарка, яна добра ведае насельніцтва свайго аграгарадка. Сюды выйшла замуж, пераехала да мужа з Далёкіх, працавала загадчыцай цялятніка, а калі не стала мясцовага калгаса, занялася грамадскай дзейнасцю. Старэйшынай яе абралі аднавяскоўцы каля пяці гадоў таму назад. З таго лёсавызначальнага сходу ў клубе Іна Ванага і займаецца сельскімі клопатамі.

Жанчына займае актыўную жыццёвую пазіцыю, добра разумее сутнасць праблем, якія хвалююць вяскоўцаў, заахвочвае да навядзення парадку ў дварах, на вуліцах і дапамагае вырашаць пытанні наконт водазабеспячэння, добраўпарадкавання, апрацоўкі прысядзібных участкоў. Богінцы добра ведаюць, што калі ўзнікае складаная сітуацыя, то неабходна ісці да Іны. Яна выслухае, падкажа, што рабіць, а пры неабходнасці звернецца да ўлад ці неабходных службаў. Заўсёды ў цеснай звязцы працуе яна і са старшынёй Далёкаўскага сельсавета Марыяй Баліка. Яны часта абмяркоўваюць арганізацыйныя пытанні па добраўпарадкаванні, выразцы аварыйных дрэў, гаспадарчыя праблемы і інш.

Вядома ж, не абыходзіцца і без старонняй дапамогі, бо некаторыя праблемы вырашыць складана ў адзіночку, таму і ладзіцца работа па навядзенні парадку на могілках і ля царквы з дапамогай айца Ігара. Словы падзякі гучалі і ў адрас старшыні СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальда Шукяля, які выдзяляе тэхніку для патрэб насельніцтва. Разам з тым спяшаюцца дапамагчы старэйшыне і мясцовыя жыхары. Сярод найбольш актыўных памочнікаў Іна Ванага назвала Таццяну Русалоўскую, Таццяну Іванчук, Паўла Лонскага, Юрыя Іванчука, Алену і Міхаіла Пушнегіных і іншых.

Старэйшына з павагай адгукаецца пра сваіх аднавяскоўцаў і кажа, што ў іх нават дачнікі — прыветлівыя і гаспадарлівыя людзі. Ды і яна сама з’яўляецца прыкладам добрай гаспадыні. З мужам маюць зямлю, вядуць немалую гаспадарку, працуюць з раніцы да позняга вечара. Выгадавалі двух сыноў — адзін жыве ў Браславе, другі застаўся ў Богіне — і займаюцца з унукамі.

Іна Ванага пастаянна знаходзіцца ў гушчы вясковых спраў. Настойлівая, працавітая, з простай жыццёвай мудрасцю, яна імкнецца, каб у аграгарадку было ўтульна і дагледжана, таму па праве і лічыцца адной з лепшых старэйшын на Браслаўшчыне. ■

Алена НАБЕЕВА