«Кожны дзень напоўнены займальнымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі». Закончылася змена ў аздараўленчым лагеры «Рознакаляровыя далонькі»

В свободное время
У Опсаўскай ЯССШ закончылася змена ў аздараўленчым лагеры «Рознакаляровыя далонькі», падчас якой дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак весела бавілі вольны час і атрымалі мноства новых уражанняў.

Як расказала начальнік лагера Таццяна Сцефановіч, кожны дзень адпачынку быў напоўнены займальнымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі, падарожжамі ды адкрыццямі.

Напрыклад, экскурсія па, здавалася б, добра знаёмай Опсе здзівіла дзяцей новай цікавай інфармацыяй, а маляўнічыя пейзажы ў ваколіцах аграгарадка садзейнічалі творчасці ў дызайн-студыі «Клякса». Школьнікі пазнаёміліся з рознымі прыёмамі замалёўкі з натуры, а на майстар-класе шчыравалі над вырабамі з прыродных матэрыялаў. Вялікую зацікаўленасць праявілі наведвальнікі лагера і на занятках пра лекавыя расліны.

Плённым было таксама супрацоўніцтва з педагогамі Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі.

Падчас лагернай змены прайшло шмат мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў хлопчыкаў і дзяўчынак здаровага ладу жыцця, а спартыўныя спаборніцтвы дазволілі вучням паказаць не толькі добрую фізічную форму, а таксама ўменне зладжана працаваць у складзе каманды.

Дапытлівых дзяцей чакалі цікавыя вандроўкі, работа ў міні-лабараторыі, гульні і віктарыны, захапляльныя квэсты, музычныя паўзы і нават сапраўдны «Кветкавы баль».

Вялікую ўвагу педагогі і школьнікі ўдзялялі пытанням бяспекі, у гэтым плане вельмі карыснай аказалася мясцовая пляцоўка МНС.

Час у аздараўленчым лагеры прайшоў непрыкметна, а дні, напоўненыя смехам, жартамі, весялосцю і добрым настроем, захаваюцца ў памяці дзяцей надоўга. ■

Жанна БЯЛЬКО