Дваццаць пяць гадоў разумнага планавання. Мая Яноўская — вядучы спецыяліст эканамічнага аддзела Браслаўскай ЦРБ

Люди
Нядаўна адметную дату ў календары адзначылі работнікі, занятыя ў сферы эканомікі. Дзейнасць людзей гэтай прафесіі цесна звязана з лічбамі ды рознага кшталту паказчыкамі і скіравана на распрацоўку найбольш эфектыўнай стратэгіі развіцця прадпрыемства ці арганізацыі, а таму надзвычай запатрабаваная. Нездарма ж кажуць, што поспех звычайна грунтуецца на разумным планаванні. Менавіта ім на працягу амаль дваццаці пяці гадоў і займаецца Мая Яноўская — вядучы спецыяліст эканамічнага аддзела Браслаўскай ЦРБ.

Яшчэ ў школе дзяўчына мела схільнасць да дакладных навук: ёй лёгка давалася матэматыка, падабалася рабіць падлікі, таму ў 1990 годзе ўраджэнка Докшыцкага раёна скончыла Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці «бухгалтар». Першы свой прафесійны вопыт Мая Яноўская набывала ў камбінаце бытавога абслугоўвання, праз два гады перайшла ў Браслаўскую ЦРБ. Спачатку — бухгалтарам, а ў 1996-м стала эканамістам.

— Мне вельмі падабаецца працаваць з лічбамі, — кажа Мая Яўгенаўна, — параўноўваць іх, аналізаваць, рабіць прагнозы. Калі пасля доўгіх і складаных разлікаў знаходзіш лепшы варыянт, які пераўзыходзіць ранейшы, — гэта прыемна. І хоць, магчыма, збоку здаецца, што ў эканаміста нецікавая прафесія, бо ён мае справу з сухімі лічбамі, для мяне гэта любімая справа.

Безумоўна, не абыходзіцца ў рабочым працэсе і без напружаных момантаў: бывае, трэба тэрмінова падаць інфармацыю і пры гэтым не памыліцца, пераправерыць усе даныя, вывесці больш актуальныя лічбы. Калі бухгалтар часцей мае справу з улікам выдаткаў, то эканаміст займаецца штатам (напрыклад, разлічвае колькасць патрэбных насельніцтву медработнікаў), устанаўлівае аклады і даплаты, робіць прагнозы на розныя паказчыкі і інш.

Каб спраўляцца з такой работай, лічыць Мая Яноўская, неабходна стараннасць, уменне засяроджвацца і абавязкова добрая памяць: лічбаў мноства і вынік будзе лепшы, калі трымаць іх у галаве. А яшчэ, відавочна, пачуццё адказнасці, якое змушае Маю Яўгенаўну, калі трэба, заставацца пасля працы ці прыходзіць у выхадныя (звычайна ў канцы-пачатку года — самую напружаную пару ў эканамістаў). Гэта выдаткі прафесіі. Але М. Яноўская — аптыміст па характары і імкнецца на рэчы глядзець пазітыўна. Тым больш што за плячыма вялікі стаж, багаты вопыт работы і ўвогуле ўсё знаёмае і звыклае. Да таго ж застаецца час і на заняткі для душы: у іх пераліку — сабака, агарод і кветкі, якія літаральна запаланілі клумбы каля дома. — Такая вось своеасаблівая антыстрэсавая тэрапія, — усміхаецца Мая Яўгенаўна.

Дарэчы, М. Яноўская не задавальняецца набытымі ведамі, яна сочыць за тэндэнцыямі развіцця эканомікі, імкнецца павышаць свой прафесійны ўзровень. Адміністрацыя медустановы цэніць і ўменне спецыяліста аналізаваць сітуацыю, адпаведна вырашаць пытанні, здольнасць спраўляцца з вялікім аб’ёмам работы. Стараннае выкананне вядучым эканамістам абавязкаў не засталося незаўважаным: за добрасумленную працу ў галіне аховы здароўя Браслаўшчыны Мая Яноўская адзначана Падзякай старшыні райвыканкама. ■

Жанна БЯЛЬКО