Браслаўчанін стаў лепшым у вобласці па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі

Люди
На мінулым тыдні чарговы работнік СВК «Маяк Браслаўскі» прымаў узнагароду. На гэты раз з рук лідара Віцебскага абласнога прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Ярома.

Аператар па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы Іван Раманцэвіч стаў пераможцам у абласным спаборніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Яго група гадаванцаў у маі за суткі прыбаўляла ў вазе па 1 286 грамаў.

Т. Ярома павіншавала пераможцу, уручыла яму грамату і грашовую прэмію. Таксама старшыня абласной арганізацыі пажадала Івану і далей дабівацца добрых вынікаў у працы, пацікавілася яна ўмовамі жыцця і працы работніка.

Дарэчы, Іван Іосіфавіч ужо заслужыў свой адпачынак, але і на пенсіі працягвае працаваць і робіць гэта бездакорна, калі яго імя з’явілася сярод перадавікоў вобласці. Раней ён гаспадарыў на старой бацькоўскай сядзібе. Некалькі гадоў таму назад сельгаскааператыў выдзеліў добрае жыллё: у хаце Івана Раманцэвіча цяпер ёсць усе зручнасці. Заробак таксама работніка задавальняе: кажа, што атрымлівае больш за семсот рублёў.

— Добры, збалансаваны корм — вось што на самай справе дапамагае маленькім цяляткам расці як на дражджах, — сціпла кажа І. Раманцэвіч. — Я ўсяго толькі выконваю сваю работу. Дзякуй, што кіраўніцтва дапамагае вырашаць усе пытанні — і рабочыя, і асабістыя. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ