Надвор’е спрыяе аграрыям Браслаўшчыны развярнуць работы па корманарыхтоўцы

Деньги
Пагодлівыя дні нарэшце далі аграрыям Браслаўшчыны развярнуць работы па корманарыхтоўцы. За апошніх пяць дзён без дажджу сельгаспрадпрыемствы раёна імкнуліся насушыць сена як мага больш. Так, на ўчарашні дзень у раёне скошана 4 828 гектараў траў першым укосам, нарыхтавана 15 687 тон сенажу і 888 тон сена, у той час як яшчэ тыдзень таму назад сена было назапашана толькі 103 тоны.

Самае вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў раёне ў ААТ «Агравідзы», таму і нарыхтаваць кармоў тут трэба больш за ўсіх. Работнікі гаспадаркі добра разумеюць гэта, таму кожны год прыкладаюць максімум намаганняў, каб запасціся сакавітым кормам на ўвесь зімова-стойлавы перыяд.

У «Агравідзах» першым укосам скасілі 29 % траў, з якіх нарыхтавалі 71 тону сена, 2903 тоны сенажу ды 473 тоны закруцілі ў стрэйчплёнку. Пакуль гэта ўсяго толькі 2,43 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы пры неабходным мінімуме 25 ц к. адз.

Сянажныя траншэі ў гаспадарцы закладаюць, выконваючы ўсе вытворчыя стандарты. Трамбуе зялёную масу на МТЗ-3022 Леанід Арсоба. Ужо не першы год ён заняты на гэтай важнай аперацыі, таму можа выконваць яе, як кажуць, з заплюснутымі вачыма.

Механізатары спяшаюцца і працуюць ад цямна да цямна, бо добра разумеюць, што летні дзень год корміць. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ