Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад (чэрвень 1975-га)

Калейдоскоп
САМІ ГАСПАДАРЫ СВАЙГО ЛЁСУ

Пятнаццатага чэрвеня адбудуцца выбары ў Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Гэта — вялікае свята нашай сацыялістычнай дэмакратыі, непарушнага адзінства партыі і народа. Падрыхтоўка да выбараў з’яўляецца аглядам дзейнасці Саветаў, іх справаздачай перад працоўнымі. Веліч здзяйсненняў сацыялістычнай дэмакратыі можна бачыць і на прыкладзе нашага раёна, дзе развіваецца народная гаспадарка і грамадская вытворчасць, павышаецца матэрыяльны дабрабыт і культурны ўзровень жыцця.

РАЎНЯЦЬ КРОК НА ПРАВАФЛАНГОВЫХ!

Сёлета піянеры рыхтаваліся годна сустрэць 30-годдзе Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. Юныя ленінцы актыўна ўключыліся ў раённую эстафету «Салют, Перамога!», падчас якой разгарнулася спаборніцтва за права стаяць у ганаровай варце ў дні ўрачыстасцей. Школьнікі ўдзельнічалі ў аперацыях «Помнікі расказваюць», «Браслаўскі кіламетр — БАМу», «Зорка Цімура», у клубе «Пошук», здавалі нормы ГПА, вывучалі свой край і ахоўвалі яго багацці, а трэцяя частка ўсіх піянераў раёна займаецца на «4» і «5».

БАЛОТА… НА ДВАРЫ

Двор канторы камбіната бытавога абслугоўвання мае незвычайны выгляд. З крыкамі носяцца над ім чароды чаек і варон. Людзі рухаюцца, трымаючы ў руках палкі і дошкі, а некаторыя нават разуваюцца. І робяць гэта не дзеля забавы: з нядаўняга часу двор нагадвае смуроднае балота, стваральнікамі якога з’яўляюцца… кіраўнікі маслазавода. Сцёкавыя воды, адходы перапрацоўкі прабілі сабе дарогу і разліліся, а на прадпрыемстве сядзяць склаўшы рукі. Аднак грамадскасць не хоча мірыцца з гэтым.

ДЛЯ ЗРУЧНАСЦІ ПАКУПНІКОЎ

Настаў час, калі на прылаўках магазінаў з’яўляецца першая гародніна. Хутка адведаем таксама ягад, свежых грыбоў, садавіны. У Браславе для рэалізацыі дароў прыроды меўся ларок. Але ён быў нязручны, і цяпер на гэтым жа месцы будуецца сучасны гандлёвы павільён. Адрамантавана таксама памяшканне магазінаў «Кнігі» і «Хлеб». Звонку сцены абклалі цэглай і абліцовачнай пліткай, больш зручна размешчаны ўваходы, устанаўліваецца новае абсталяванне і асвятленне.

ДОБРА ВУЧАЦЦА І ПРАЦУЮЦЬ

Вынікі мінулага навучальнага года ў сістэме палітасветы падвялі на гароднінасушыльным заводзе. На прадпрыемстве 14 чалавек займаліся ў школе асноў марксізму-ленінізму, гэта пераважна камуністы партарганізацыі. У школе ж асноў эканамічных ведаў павышалі палітычную адукацыю рабочыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі. Усе слухачы адносіліся да вучобы з адказнасцю і добра засвоілі матэрыял, да таго ж высокапрадукцыйна працуюць на вытворчасці.

НА ВАРЦЕ ЗДАРОЎЯ ЛЮДЗЕЙ

У нас створана ўзорная сістэма медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Яна дазваляе праводзіць у жыццё асноўны прынцып савецкай медыцыны — прафілактыку. У нашым раёне функцыянуе 6 бальніц, 31 фельчарска-акушэрскі пункт, 8 аптэк, 28 аптэчных пунктаў, 3 аптэчныя кіёскі. На Браслаўшчыне працуюць 49 урачоў, 9 стаматолагаў, 247 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Гатоўнасць змагацца за жыццё чалавека, чуласць і дабрыня, пастаяннае ўдасканаленне ведаў — вось што вызначае савецкіх медыкаў.

БУДУЕЦЦА ФЕРМА

У саўгасе «Браслаўскі» пакуль яшчэ адчуваецца недахоп сучасных вытворчых памяшканняў, што перашкаджае ўмацаванню эканомікі. Але тут імкнуцца вырашыць гэтую праблему, разлічваючы выключна на свае сілы. Летась у Мільках уступіў у строй новы механізаваны кароўнік на 200 галоў. Саўгасныя будаўнікі, акрамя яго, узвялі зерняток КЗС-10, рэканструявалі кароўнік, тры свінарнікі і інш. Цяпер у гаспадарцы разгорнута будаўніцтва яшчэ адной фермы на 200 кароў.

АБ’ЯВЫ

– Браслаўскі камбінат бытавога абслугоўвання 8 чэрвеня на Замкавай гары праводзіць Дзень быту. У парадку дня — урачыстая частка, дэманстрацыя мод у шырокім асартыменце, канцэрт абласнога ансамбля «Маладосць». – Традыцыйны фестываль самадзейнага мастацтва «Браслаўскія зарніцы», прысвечаны перадавым жывёлаводам раёна, адбудзецца 29 чэрвеня. ■

Жанна БЯЛЬКО