Прафсаюзны лідар Крысціна Кузняцова: «Мая работа — гэта зносіны з людзьмі»

Люди
Сярод старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый Браслаўшчыны, напэўна, можна па пальцах пералічыць тых, хто мае такі багаты стаж і вопыт грамадскай дзейнасці, як Крысціна Сяргееўна Кузняцова з дзіцячага сада № 1 г. Браслава. Больш за 20 гадоў без перапынку яна з’яўляецца прафсаюзным лідарам установы.

Педагог з багатым вопытам працы, жанчына ўмела знаходзіць падыход не толькі да маленькіх выхаванцаў, але і да сваіх калег. Упершыню К. Кузняцову абралі старшынёй пярвічкі ўстановы ў 1998 годзе. З таго часу калектыў ні разу не змяніў рашэнне, і ўжо не раз яна наноў станавілася кіраўніком ППА.

Кола дзейнасці прафсаюзнага лідара дастаткова шырокае, аднак калі расстаўляць прыярытэты, то гэта выкананне калектыўнага дагавора, ахова працы і дысцыпліна, здаровы лад жыцця, якія паспяхова забяспечваюцца. «Прафсаюзная праца — гэта зносіны з людзьмі. На шчасце, у калектыве пануе добразычлівая атмасфера, узаемаразуменне і павага як паміж калегамі, так і з кіраўніцтвам. Загадчык сада Вольга Шымуковіч заўсёды падтрымлівае прапановы прафкама. Мая ж апора — гэта дзяўчаты, якія ўваходзяць у прафсаюзны камітэт. Яны ініцыятыўныя, актыўныя і лёгкія на нагу», — расказвае Крысціна Кузняцова.

У калектыве з цягам часу склаліся свае добрыя традыцыі. Напрыклад, абавязковае віншаванне з днём нараджэння, юбілеем, святочныя агень чыкі да прафесійных і дзяржаўных свят. Не забываюць ва ўстанове і пра ветэранаў працы: віншуюць іх са святамі, па магчымасці запрашаюць да сябе ў госці. «Цяпер не так часта, а раней мы абавязкова праводзілі для сваіх работнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, экскурсіі па садзе. Гэта былі сустрэчы, напоўненыя настальгіяй і радасцю», — кажа Крысціна Сяргееўна. Значная ўвага надаецца і аздараўленню членаў прафсаюза і іх дзяцей. Штогод супрацоўнікі ўстановы маюць магчымасць адпачыць па пуцёўках у санаторыях, аднак асабліва запатрабаваны дзіцячыя лагеры. З задавальненнем работнікі сада адпраўляюць сваіх дзяцей, напрыклад, у суседні раён, у лагер «Расінка».

Пярвічка ўстановы жыве актыўным жыццём. Яе прадстаўнікі ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, напрыклад, у зводным хоры на свяце традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», фестывалі творчасці педагогаў «Песня застаецца з чалавекам», а ў раённым аглядзеконкурсе на лепшы прафсаюзны стэнд ППА заняла другое месца.

Адказнага і сумленнага старшыню пярвічкі паважаюць у Браслаўскім раённым аб’яднанні прафсаюзаў і райарганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. За свае шчырыя адносіны да грамадскіх абавязкаў Крысціна Кузняцова мае многа ўзнагарод. Адна з апошніх — Падзяка ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за подпісам яе старшыні Міхаіла Орды. Аднак жанчына сціпла кажа, што для яе гэта не проста ўзнагарода, а высокая планка даверу, якую хочацца апраўдаць працай на карысць свайго калектыву. ■

Алена НАБЕЕВА