Аграрыі Браслаўшчыны ловяць кожную пагодлівую хвілінку, каб корманарыхтоўка прайшла паспяхова

Экономика и финансы
Ад таго, наколькі паспяхова пройдзе корманарыхтоўка, залежыць зімоўка жывёлы і, адпаведна, якасць і колькасць атрыманай жывёлагадоўчай прадукцыі. Дажджы і ўрэшце высокая тэмпература паветра спрыяюць росту траў. Разумеючы гэта, аграрыі Браслаўшчыны стараюцца, ловяць кожную пагодлівую хвілінку. Набірае абароты касавіца і ў «Бярозавым краі».

Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Крывель, першым на корманарыхтоўку ў гаспадарцы выехаў Валерый Гадзевіч на сваім МТЗ-1221 з касілкай, з граблямі працуе Андрэй Капылоў, а Браніслаў Сайдак на прэспадборшчыку матае ў цюкі ўжо высахлае сена. Пакуль касьба вядзецца на аддаленых і невялікіх кавалках зямлі, найлепшыя ўчасткі, плануецца пачынаць касіць з пачатку новага тыдня, калі травастой стане больш моцным і важкім.

Андрэй Капылоў на МТЗ-1221 працуе з граблямі.

— У нашых планах першым укосам скасіць 1185 га траў, з іх нарыхтаваць 262 тоны сена, 6 261 тону сенажу і 6 043 тоны сіласу, — расказвае аграном. — Сёння мы толькі пачынаем касавіцу, і на раніцу чацвярга скасілі 7,5 % траў, з якіх нарыхтавалі 5 тон сена, астатняя масса пайшла на падкормку жывёлы.

Віктар Крывель таксама адзначыў, што нічога новага ў арганізацыі працы прыдумваць не прыйшлося, механізатары добра ведаюць сваю работу і стараюцца выконваць яе годна. Адзінае, за што пастаянна даводзіцца турбавацца, — гэта пра стан задзейнічанай на касьбе тэхнікі. Яна ўжо даўно не новая і патрабуе да сябе шмат увагі і сродкаў, а іх, як і ў большасці іншых гаспадарак, няма. Добра, што людзі тут працуюць вопытныя ды з залатымі рукамі: хутка разумеюць, у чым паломка, умеюць яе ліквідаваць, а калі трэба, могуць і самі вытачыць новую неабходную дэталь. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.