У Браслаўскім раёне выпускнікі атрымалі дакументы аб адукацыі

Новости
На гэтым тыдні ў школах Браслаўшчыны прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, на якіх выпускнікі атрымалі дакументы аб атрыманні адукацыі. Трэба адзначыць, што паўнавартаснымі выпускнымі вечарамі іх называць нельга.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела райвыканкама па адукацыі Ірыны Мацук, сёлета ўстановы адукацыі заканчвалі навучальны год ва ўмовах абмежаванняў, выкліканых пандэміяй. Таму урачыстасці адбыліся нават не ва ўсіх школах. Там жа, дзе яны былі, праходзілі з улікам актуальных санітарна-эпідэмічных норм і, як правіла, на адкрытым паветры.

Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі ў гэтым годзе атрымалі 109 выпускнікоў адзінаццатых класаў. Сярод іх 8 залатых медалістаў і адзін сярэбраны.

Пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі атрымалі 223 учарашнія дзевяццікласнікі, у тым ліку 9 — з адзнакай. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ