Працягваецца праект «Новае жыццё старых рамёстваў»

Новости
Летась Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў пачало ўдзельнічаць у праекце «Вывучэнне і захаванне традыцыйных рамёстваў жыхароў Дзвіны/Даўгавы і перадача іх будучаму пакаленню» («Новае жыццё старых рамёстваў»). Яго партнёрамі сталі аддзел культуры Даўгаўпілскага краявого самакіравання і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Ужо праведзены шэраг мерапрыемстваў і сустрэч. Цяпер ідзе падрыхтоўка да грунтоўнай выстаўкі «Жывая спадчына Браслаўшчыны». Як расказала дырэктар аб’яднання Вольга Антанёнак, адбылася закупка неабходнага інвентару і вырабаў мясцовых рамеснікаў для захавання ў музейных фондах. Цяпер чакаецца яшчэ фінансаванне на папаўненне некаторых калекцый, ў прыватнасці, вырабаў з лазы, ручнікоў, маляванак, рукавіц і інш. Пры гэтым большая іх частка робіцца спецыяльна пад праект сучаснымі майстрамі Браслаўскага раёна па старых тэхналогіях. Выстаўка будзе складацца з трох тэматычных экспазіцый: керамічнага посуду, вязання і валяння, ткацтва і пляцення. У планах ужо летам зрабіць яе адкрыццё ў музеі традыцыйнай культуры. Для выстаўкі таксама зроблены буклеты на трох мовах і рэкламныя банеры.

Адначасова з гэтым супрацоўнікі аб’яднання падтрымліваюць сувязі з іншымі ўдзельнікамі праекта і некаторыя мерапрыемствы праводзяць анлайн. Так, напрыклад, загадчыца фондаў Ганна Базарэвіч збірае і лічбуе неабходныя матэрыялы для каляровага выдання «Рамёствы Паазер’я» і перасылае іх у Латвію, дзе навуковы супрацоўнік разам з дызайнерамі займаюцца вёрсткай кнігі. Яна выйдзе на трох мовах (англійскай, рускай і беларускай) і будзе змяшчаць усю самую неабходную і карысную інармацыю пра традыцыйныя рамёствы. Акрамя гэтага, полацкая фальклёрная група «Варган» цяпер развучвае песні, якія падчас сумеснага восеньскага лагера запісалі ў Браслаўскім раёне яго ўдзельнікі ад мясцовых калектываў. Плануецца, што ў хуткім часе іх запішуць на кампактдыск у прафесіянальнай гуказапісной студыі. У гэты зборнік таксама ўвойдуць песні з Латвіі і Полацкага раёна. —

Шкада, што пакуль мы не маем магчымасці працаваць так, як было запланавана раней: удзельнічаць у сумесных экспедыцыях і майстар-класах. На лепшы час перанеслі і запланаваны летнік з удзелам майстроў з Полацка і Латвіі, — адзначыла Вольга Антанёнак. — Аднак мы пастаянна на сувязі і спадзяёмся, што ўсе нашы сумесныя планы збудуцца! ■

Алена НАБЕЕВА