Доўгі шлях Людмілы Еўдакімавай у Браслаў

Вялікай Перамозе - 76 Люди
Браслаўчанка Людміла Еўдакімава — адна з тых, хто нарадзіўся ў год Перамогі над фашызмам. Яе жыццё значна адрознівалася ад папярэдніх герояў гэтай рубрыкі, хоць бы таму, што яе сям’я жыла ў горадзе і дзяўчынка з дзяцінства карысталася перавагамі гарадской цывілізацыі, напрыклад, электрычнасцю, ёй не трэба было далёка хадзіць у школу: яна стаяла ў суседнім двары. Але гэта не азначае, што лёс быў лёгкім.

Яе бацька закончыў тэхнікум харчовай прамысловасці, адслужыў у войску і ваяваў на савецка-фінскай вайне. А падчас Вялікай Айчыннай працаваў у тыле: адказваў за адзін з найважнейшых напрамкаў — быў упаўнаважаны пячы хлеб для фронту. Яго часта накіроўвалі ў розныя гарады СССР, таму жыццё сям’і будавалася з улікам бацькавай работы.

Першая дачка нарадзілася ў 1943 годзе, у маі 45-га ў Бабруйску з’явілася на свет і наша гераіня.

— Пасля вайны мы не жылі багата, але і ніколі не галадалі. Памятаю, што бацьку давалі паёк, а ў яго ўваходзіла 1,5 кг сялёдкі, якую маці мяняла на іншыя прадукты ці рэчы. Асноўнай нашай ежай былі кашы, бульба, хлеб, час ад часу мама пякла катлеты і пячэнне. Бацька часта ездзіў у камандзіроўкі ў Маскву і адтуль заўсёды прывозіў нам з сястрой гасцінцы: вафлі ці цукеркі.Мэблі ў кватэры было мінімум: шафа, стол і некалькі крэслаў. На адным ложку спалі бацькі, у маленькім дзіцячым — сястра, а для мяне кожны вечар каля печы састаўлялі два крэслы. Але не памятаю, каб мне не спалося.

Калі Людміле споўнілася сем гадоў, сям’я ўслед за бацькам пераехала жыць у горад Полацк. Там маленькая Люда пайшла ў першы класс. У той час, успамінае яна, упершыню наведала кінатэатр. Фільм, які паглядзела тады («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), вельмі спадабаўся дзяўчынцы і пакінуў яркія ўражанні ад сінематографа ў цэлым. Яшчэ адной запамінальнай падзеяй у жыцці гарадской жыхаркі было наведванне грамадскай лазні. Але, па яе словах, дзеці вельмі не любілі хадзіць туды, бо, каб трапіць у памывачную, прыходзілася чакаць у чарзе па 5–8 гадзін.

Праз год зноў прыйшлося змяніць месца свайго жыхарства. На гэты раз сям’я Людмілы перабралася ў Вілейку. Там дзяўчынку прынялі ў піянеры і абралі старшынёй савета атрада. Яна ганарылася такім даверам. Успамінае, што вучылася добра: выручала прыродная памяць. Настаўніцу вельмі паважала і нават прыраўноўвала да Бога. Ёй здавалася, што гэта не такі чалавек, як іншыя, а незвычайны. У школу хадзілі ў форме, насілі піянерскія гальштукі. Пасля вучобы гулялі на дварэ ў хаванкі, даганялкі, вайну.

Менавіта ў гэты перыяд у дзяўчынкі з’явілася шмат сяброў і яна вельмі палюбіла Вілейку, але сям’ю чакаў новы пераезд…

— Са зменай гарадоў, мянялася і наша жыццё, яго якасць. У чацвёрты клас я пайшла ўжо ў Казахстане, куды бацьку адправілі на пасаду дырэктара элеватара. Сям’я пасялілася ў вёсцы. Маці не працавала, а завяла хатнюю гаспадарку, агарод. Нас з сястрой прывучала да працы на зямлі. З гэтага перыяду жыцця добра запомніліся новыя незвычайныя стравы і вялікая колькасць ягад: вішняў, сліў. Больш нідзе я не ела такіх салодкіх кавуноў. Дарэчы, з Казахстана засталася прывычка есць кавуны з белым хлебам і маслам, і цяпер — толькі так.

Наогул цікава, што ў мяне не засталося ў памяці дрэнных момантаў з дзяцінства, іншага жыцця не бачылі, таму думалі, што так і трэба. Толькі калі стала дарослай, зразумела, якія цяжкасці былі ў той час у бацькоў. А сваё дзяцінства лічу шчаслівым і бестурботным.

У хуткім часе сям’я Людмілы зноў пераехала, прычым ужо назаўсёды. Іх месцам жыхарства стаў Браслаў. Тут наша гераіня скончыла школу, знайшла сваё каханне, нарадзіла двух любімых сыноў, дачакалася ўнучак. І гэты горад стаў ёй найбольш родным і блізкім па духу. «Сёння я маю моцную сям’ю, шмат сяброў, якімі ганаруся, займаюся рукадзеллем, вельмі люблю жыццё і радуюся кожнаму новаму дню, добрым сустрэчам і падзеям,» — кажа суразмоўніца. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ