Спачатку быў майстрам, але хутка стаў прарабам. Леанід Аніська здае аб’екты з адзнакай «добра» і «выдатна»

Люди
У Браслаўскае ПМС Леанід Аніська прыйшоў на працу ў 2007 годзе пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-гідратэхніка. З таго часу і па сённяшні дзень Леанід у асноўным арганізуе работу на меліярацыйных аб’ектах — размяркоўвае тэхніку, кантралюе аб’емы і якасць выконваемых планавых работ. Спачатку быў майстрам, але хутка кіраўніцтва прадпрыемства ацаніла прафесійныя здольнасці маладога спецыяліста і назначыла яго прарабам.

Вось і ў маі пад кіраўніцтвам прараба здадзены ў эксплуатацыю чарговы аб’ект: «Рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы імя Чарняхоўскага» ААТ «Слабодка-агра». Па словах Леаніда Аніські, гэтая сістэма была пабудавана ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя. За гэты час каналы, закрытая меліярацыйная сетка страцілі сваю эфектыўнасць, то было бачна простым вокам па вымачках.

Тут, на плошчы ў 108,4 га, брыгада меліяратараў з 5-6-ю адзінкамі тэхнікі (бульдозеры, экскаватар, дрэнаўкладчык) шчыравала 6 месяцаў. За дадзены перыяд рэканструкцыі рабочыя прадпрыемства пачысцілі 9 км каналаў, якія за працяглую эксплуатацыю заглеіліся, праклалі 16,5 км новага дрэнажу, прамылі 4,6 км закрытай існуючай сеткі, адрамантавалі 10 трубапераездаў, выкарчавалі 11,6 га хмызняку.

Па словах галоўнага інжынера ПМС Аляксандра Бабуля, Леанід арганізуе вытворчы працэс падначаленых меліяратараў эфектыўна і граматна. Заказчыкі звычайна задаволены вынікамі праведзенай рэканструкцыі, не выказваюць асаблівых заўваг і інспектары рэспубліканскага дзяржаўнага аб’яднання «Белвадгас», наадварот, ацэньваюць аднаўленне абясплоджаных зямель на «добра» і «выдатна». За плённую працу і прафесіяналізм Л. Аніську неаднаразова ўзнагароджвалі ведамаснымі граматамі, у тым ліку і рэспубліканскага ўзроўню.

Як спрактыкаваны прараб арганізуе ён і іншыя будаўнічыя работы па заяўках арганізацый, прычым заўсёды імкнецца прыкласці ўсе свае намаганні, каб выкананы былі яны якасна. ■

Казімір ПЯТУШКА