«Хочаццца, каб усе былі здаровыя». Галіна Чэркас разам з іншымі медыкамі стаіць на варце здароўя браслаўчан

Люди
Галіна Чэркас з дзяцінства марыла стаць медыкам, каб дапамагаць людзям. І вось ужо больш за 35 гадоў яна займаецца любімай справай. Цяпер жа разам з іншымі медыцынскімі работнікамі стаіць на варце здароўя браслаўчан, у тым ліку ва ўмовах пагрозы COVID-19.

— Пасля заканчэння Ахрэмаўскай школы я адправілася на вучобу ў Даўгаўпілскае медвучылішча. У Латвіі і засталася працаваць пасля яго заканчэння, і так здарылася, што адразу трапіла на працу ў рэанімацыйнае аддзяленне, — расказвае Г. Чэркас. — А калі ў Браслаўскай бальніцы ў 1990 годзе адкрылі рэанімацыю, то вярнулася на малую радзіму. Так і працую на адным месцы ўжо не адзін дзясятак гадоў.

Галіна Чэркас была сярод тых медыкаў, якія стаялі ля вытокаў заснавання аддзялення. Яна тут адна з самых вопытных работнікаў. Як вядома, у рэанімацыю трапляюць пацыенты з цяжкімі захворваннямі і траўмамі, пасля аперацый. Гэтай катэгорыі хворым патрэбен асаблівы догляд і кругласутачнае назіранне. Медсястра ж павінна пільна выконваць назначэнні ўрача, кантраляваць стан пацыента, сачыць за паказчыкамі апаратуры і інш.

Падчас гутаркі з загадчыкам аддзялення Аленай Абалевіч пра Галіну Чэркас гучалі толькі станоўчыя водгукі. У ЦРБ цэняць сумленныя і шчырыя адносіны медсястры да працы. Адзначаюць яе працавітасць, адказнасць і характарызуюць толькі з лепшага боку.

— Перажываеш за кожнага пацыента, як за роднага чалавека, але асабліва складана, калі трапляюць маладыя і дзеці. Ды ўвогуле цяжка, калі хворы знаходзіцца ў крытычным стане, і якая палёгка на душы, калі яго пераводзяць ад нас. У такія моманты разумееш, што самае каштоўнае — жыццё чалавека, — кажа Галіна Канстанцінаўна.

Ад складаных працоўных будняў на паўсядзённасць дапамагае пераключацца сям’я і хатнія клопаты. З задавальненнем у выхадныя дні Г. Чэркас сустракаецца з блізкімі, сябрамі, займаецца прысядзібным участкам і кветкамі.

У час пандэміі на яе плячах, як і соцен іншых медыкаў, ляжыць двайная адказнасць. Да звыклай формы медыцынскай сястры дадаецца яшчэ адна экіпіроўка і асаблівыя меры перасцярогі.

— Цяпер, як і раней, проста сумленна выконваеш свае абавязкі. Дадаецца толькі жаданне засцерагчы сябе, сваю сям’ю, калег. Хочацца, каб усе наўкол былі здаровыя, — прызнаецца Г. Чэркас. ■

Алена НАБЕЕВА