Малады аграном пра сваю работу: «Навучылася самастойна спраўляцца з цяжкасцямі»

Люди Экономика и финансы
Закончыўся адзін з самых важных этапаў сельскагаспадарчага года — пасяўная кампанія. Усе гаспадаркі раёна цяпер актыўна рыхтуюць свае КЗРы, ПІМы, граблі да новага, не менш важнага сезона — корманарыхтоўкі. Гэтым жа займаюцца і ў ААТ «Агравідзы».

Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сняжана Еўтушэнка расказала, што ў гэтым годзе хоць былі пэўныя складанасці, але сяўбу завяршылі своечасова. Усяго яравымі культурамі гаспадарка засеяла 2 068 гектараў глебы. Летась тут атрымалі неблагі ўраджай кукурузы, якая стала асновай для корму буйной рагатай жывёле. Без спазнення правялі хімпраполку, падкармілі царыцу палёў, даглядалі як след, а яна, у сваю чаргу, аддзячыла відзаўчанам добрым ураджаем. Сёлета падвоілі адведзеныя пад яе плошчы: засеялі 560 гектараў. Гэта было няпроста, бо ў гаспадарцы ўсяго адзін пасяўны агрэгат мог выконваць такую работу. Але на дапамогу, як заўсёды, прыйшоў мясцовы каледж.

Поспехі гаспадаркі складаюцца з укладу кожнага працаўніка. Падчас сезонных работ вялікая адказнасць кладзецца на плечы галоўнага агранома. Менавіта ён арганізуе і курыруе ўсе працэсы. У «Агравідзах» сёння гэтым займаецца Сняжана Еўтушэнка.

Дзяўчына прыйшла працаваць у гаспадарку тры гады таму назад, пасля заканчэння Горацкай акадэміі. Як расказвае Сняжана, яна дзякуе лёсу, што трапіла менавіта сюды. Добрыя людзі, прыгожыя мясціны і побач найвопытнейшы настаўнік — аграном з саракагадовым стажам Міхаіл Папакуль. У першы ж дзень ён павёз будучага агранома па мясцовых палетках, амбарах, мехдварах. На працягу двух гадоў вучыў Сняжану ўсяму, што ведаў сам. Ды і сёння, калі патрэбна падказка больш вопытнага агранома, дзяўчына звяртаецца па дапамогу менавіта да яго. А той ніколі не адмовіць, за што малады спецыяліст бязмерна ўдзячна свайму настаўніку.

Хутка знайшла С. Еўтушэнка агульную мову і з кіраўніком прадпрыемства, і з механізатарамі.

— Сёлета ў мяне другі самастойны сельскагаспадарчы год на пасадзе галоўнага агранома, — расказвае дзяўчына, — таму крыху прасцей. Але я па-ранейшаму вельмі перажываю за работу, каб усё ўдалося, каб тэхніка не падвяла, людзі справіліся з узнікаючымі пастаянна перашкодамі. Увечары не магу заснуць, думаю, якія кавалкі сеем заўтра, як лепш арганізаваць пераезды тэхнікі з аднаго поля на другое, каб і справіцца хутчэй, і менш затраціць паліва. Пасля таго, як засеем, амаль кожны дзень аб’язджаю палеткі: чакаю, калі ўзыдзе насенне, тады пільную, каб ніякая казурка не паела культуры, перажываю, каб не прапусціць час хімпраполкі. З гэтых штодзённых клопатаў і складаецца жыццё агранома ў час сяўбы, — з усмешкай кажа Сняжана.

— Раніцай у 6.30 я на планёрцы ў дырэктара, потым у майстэрнях раздаю заданні механізатарам і да позняга вечара з імі на палетках, сачу за выкананнем усіх агранамічных норм пры сяўбе, дапамагаю выставіць патрэбную глыбіню для той ці іншай культуры, калі тэхніка ламаецца, дастаўляю на поле патрэбныя запчасткі, вырашаю і іншыя пытанні. Ужо вывучыла і характары трактарыстаў, здалёк разумею, які ў каго сёння настрой: каго трэба падбадзёрыць, а каго лепш не чапаць.

С. Еўтушэнка родам з Дубровенскага раёна і на Браслаўшчыне да гэтага не была. Працаваць прыехала ў сакавіку і ў тыя пахмурныя дажджлівыя дні не адразу ацаніла прыгажосць нашага краю. А вось летам зразумела, як пашчасціла ёй жыць і працаваць на блакітнавокай Браслаўшчыне з яе бязмежнымі краявідамі.

Кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася і пра жыллё для маладога спецыяліста: у інтэрнаце каледжа ёй здымаюць пакой. Выдзелілі аграному машыну з вадзіцелем. Дзяўчына ўжо абжылася на новым месцы, пазнаёмілася з відзаўчанамі, пасябравала з равеснікамі.

Яе энтузіязму можна пазайздросціць, бо, кажа Сняжана, хоць работа галоўнага агранома вельмі адказная і складаная, яна рада, што ў 25 гадоў (дарэчы, учора адзначала свой юбілей) лёс паслаў ёй «выпрабаванне» сельскагаспадарчым жыццём: падымацца з першымі пеўнямі, разбірацца не толькі ў аграноміі, а і ўмець вырашаць пытанні па хуткім рамонце тэхнікі, працаваць з людзьмі з рознымі характарамі і знаходзіць кампрамісы, хварэць за справу, якую робіш. Словам, навучылася спраўляцца з цяжкасцямі і вырашаць праблемы самастойна. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ