У Браслаўскім раёне канікулы праходзяць з арыенцірам на бяспеку руху

Безопасность Власть и общество
Летні лагер «Дорожный дозор» юных інспектараў дарожнага руху праходзіць на базе Ахрэмаўскай школы. Дзеці тут кожны дзень удасканальваюць свае веды і навыкі ў ПДР, сустракаюцца з супрацоўнікамі АДАІ РАУС, якія праводзяць для маленькіх пешаходаў прафілактычныя мерапрыемствы.

На мінулым тыдні дзеці практыкаваліся ў распазнанні жэстаў рэгуліроўшчыка і спрабавалі сябе ў гэтай ролі. Хлопцы шмат часу праводзілі на веладыстанцыях, дзяўчаты арганізавалі флэшмоб пад назвай «Азбука пешахода».

А 17 чэрвеня выхаванцы аздараўленчага лагера спаборнічалі за званне лепшага юідаўца. Хлопчыкі і дзяўчынкі падчас конкурсу здавалі тэарэтычны экзамен на веданне ПДР і правілаў аказання першай медыцынскай дапамогі, дэманстравалі навыкі фігурнага кіравання на веласіпедзе. Па выніках усіх выпрабаванняў лепшымі сталі Бажэна Клакоўская і Яўген Чарноў.

Дыпломы і салодкія прызы дзецям уручыў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Браслаўскага РАУС Анатоль Баравік.

З карысцю, станоўчымі эмоцыямі і добрым настроем праходзяць дні ахрэмаўскіх школьнікаў у летнім лагеры. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ