Падведзены вынікі конкурсу «Я б у выратавальнікі пайшоў»

В свободное время
Закончыўся раённы этап абласнога конкурсу «Я б у выратавальнікі пайшоў». Яго пераможцы прадставяць Браслаўшчыну на абласным узроўні.

На працягу апошніх двух тыдняў у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях прыходзілі заяўкі на ўдзел у гэтым конкурсе. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Браслаўскага РАНС, аддзела райвыканкама па адукацыі і рэдакцыі газеты «Браслаўская звязда». Яму давялося выбіраць лепшых у дзвюх намінацыях — «Дзіцячы касцюм выратавальніка» і «Дзіцячая тэхніка выратавальнікаў». Па ўмовах конкурсу заяўкі прымаліся да 22 мая, а вынікі падводзіліся 24-га.

Такі арыгінальны касцюм зрабіла сям’я Скур’ят.

 

Было бачна, што кожны ўдзельнік спадзяваўся на перамогу. Дарослыя разам з дзецьмі творча падышлі як да конкурсных мадэляў, так і да іх прэзентацый. Арыгінальныя конкурсныя заяўкі складана было ацэньваць, аднак пераможцаў усё ж такі абралі амаль адзінагалосна. Імі сталі Мікіта Скур’ят — у намінацыі «Дзіцячы касцюм выратавальніка» — і Раксалана Кароль (самая маленькая канкурсантка) — у намінацыі «Дзіцячая тэхніка выратавальнікаў».

Таксама ў афіцыйнай суполцы раённай газеты ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» было аб’яўлена галасаванне на прыз глядацкіх сімпатый. На працягу двух дзён усе жадаючыя маглі прагаласаваць за аднаго з удзельнікаў. У выніку найбольшую колькасць галасоў атрымала Ганна Маслякова з Друі. У хуткім часе пераможцам уручаць заслужаныя ўзнагароды. ■

Алена НАБЕЕВА