Гісторыя электрыфікацыі Браслаўшчыны

Калейдоскоп
Сучаснае жыццё цяжка ўявіць без электраэнергіі. А як святло прыйшло на Браслаўшчыну і якім чынам развівалася гэтая сфера на працягу апошніх 80 гадоў? Адказ шукала «Браслаўская звязда».

Паводле газетнага артыкула ў раённай газеце за 1974 год, электрыфікацыя ў нас праводзілася ў 2 этапы. Першы — калі будаваліся мясцовыя электрастанцыі. У ліпені 1953 года ў строй была ўведзена гідраэлектрастанцыя «Дружба народаў». Да 1964 года былі пабудаваны Браслаўская ГЭС магутнасцю 400 кВт і «Шлях да камунізма» (550 кВт), а таксама некалькі дробных дызельных электрастанцый, якія поўнасцю або часткова забяспечвалі электрычнасцю 22 гаспадаркі.

Другі этап (1964 — 1967 гады) характэрны тым, што раён быў падключаны да Беларускай энергасістэмы, у якую ўліліся ўсе мясцовыя ГЭС. У гэты перыяд Браслаўшчыну перасекла кальцуючая лінія напружаннем 110 кілавольт. Яна сілкавала 4 магутныя трансфарматарныя падстанцыі, што былі ўзведзены ў Браславе, Опсе, Відзах і Казянах. У гэтыя гады электраэнергію атрымалі ўсе калгасы, саўгасы і населеныя пункты, акрамя хутароў. Была таксама пабудавана вялікая колькасць размеркавальных сетак. З 1967 года разгарнулася вялікая работа па расшырэнні трансфарматарных магутнасцей у прадпрыемствах і па ўкараненні электраэнергіі ў сельскай гаспадарцы. Так, у 1970-м яе спажыванне складала 14,7 мільёна кілават-гадзін, а ў 1973-м ужо ўзрасло ў 2 разы, у 1976 г. яно дасягнула 35,5 млн. Паступова зніжалася і колькасць аварыйных адключэнняў. Такім чынам, электрыфікацыя на Браслаўшчыне з кожным дзесяцігоддзем набірала абароты. Ужо ў 1983 годзе на тэрыторыі раёна знаходзілася 637 спажывецкіх трансфарматарных падстанцый і 5 сілкуючых, дзейнічалі 2 ГЭС, а працягласць паветраных ліній электраперадачы складала амаль 2 тысячы кіламетраў.

Цікавыя факты з гісторыі раённай электраэнергетыкі

– На адкрыцці ГЭС «Дружба народаў» 19 ліпеня 1953 года прысутнічалі больш за 20 тыс. чалавек. На той час гідраэлектрастанцыя была найважнейшым народнагаспадарчым аб’ектам на Браслаўшчыне.

– На базе ГЭС «Дружба народаў» і «Браслаўская» быў утвораны ўчастак высакавольтных электрычных сетак, які абслугоўваў гідраэлектрастанцыі і лініі 10 кВ. Першым яе начальнікам стаў М. Сучок, які кіраваў арганізацыяй да 1987 года. У тым ліку яго намаганнямі была закладзена аснова энергетыкі Браслаўшчыны.

– У 1964 годзе ў раёне здалі ў эксплуатацыю першую падстанцыю 110/10 кВт і высакавольтную лінію «Мёры — Браслаў» для яе сілкавання.

– Работы па электрыфікацыі вёсак Урбаны, Жвірблі і Мякяны пачалі ў 1965 годзе. Электрыкі рабілі праводку ў дамах, фермах, манціравалі падстанцыі. Пусцілі электраток у студзені 1966 года. Лямпы запаліліся ў дамах, на вуліцах. А пасля іх загарэліся ліхтары ў вёсках Струста, Крукі, Зыбкі.

– У снежні 1965 года лямпачкі Ільіча запаліліся ў Іказні і бліжэйшых населеных пунктах. Цікава, што правядзеннем электрычнасці займаліся брыгады з Літвы. Работы вяліся ўсё лета і восень, мясцовыя жыхары самі рыхтавалі слупы і ямы пад іх, было зманціравана 13 падстанцый. ■

Алена НАБЕЕВА