На сяле жыць – зямлю любіць. Браслаўчане расказалі, чаму яны любяць вясковае жыцце

Люди
Калі жывеш на вёсцы ды працуеш у сельскай гаспадарцы, не вельмі паспяваеш захапляцца дробязямі вакол сябе, прыгажосцю прыроды, напрыклад, а імкнешся проста паспець выканаць за дзень усё запланаванае. Словы «далёка», «цяжка», «складана» знікаюць з лексікона сельскіх жыхароў, і ўсё часцей чуеш ад іх «прывык». Але і не наракаюць яны на свой лёс. Так жывуць, і ведаеце, нават атрымліваюць ад гэтага асалоду.

А працу ў сельскай гаспадарцы не назавеш лёгкай, таму тут працуюць людзі, якія не баяцца цяжкасцей, яны адданыя сваёй прафесіі, малой радзіме і роднай зямлі. З такімі карэспандэнты «Браслаўскай звязды» сустракаюцца штодзень, пра іх і гэты артыкул.

Леакадзія СМУЛЬКО, аператар машыннага даення МТФ «Лазоўка» ААТ Друйскі.

Ужо 10 гадоў усе світанкі і заходы сонейка Леакадзія Смулько сустракае на ферме, але вялікай рамантыкі ў гэтым няма. Цяжкая праца аператара машыннага даення ўносіць свае карэктывы ў жаночы характар. — Ведаеце, — з усмешкай кажа Л. Смулько, — напэўна, нездарма кажуць: хто рана ўстае, таму Бог падае. Раннія пад’ёмы робяць дзень больш працяглым, а гэта значыць, часу на выкананне патрэбнай работы дастаткова. Вось як працуе простая народная мудрасць.

Жыву з сям’ёй у Друі, да фермы нямала кіламетраў, але хадзіць пешшу ці ездзіць на веласіпедзе не патрэбна. Гаспадарка клапоціцца, каб работнікі былі дастаўлены на працу своечасова, таму прывозіць нас транспарт сельгаспрадпрыемства: раніцай — у 5 гадзін, днём — у 12, увечары — у 18. Кожны раз патрабуецца не менш за 2 гадзіны, каб падаіць сваю групу, пачысціць, прыбрацца на кармавым стале, зазірнуць у вочы кожнай карове і зразумець яе настрой, стан здароўя, магчыма, прылашчыць.

З прыходам цяпла жывёлу выводзяць на пашу. Гэты час я люблю. Хоць працаваць прыходзіцца ў любое надвор’е, але на прыродзе лепш: па-першае, менш спраў, па-другое, мне здаецца, і ў рагуляў лепшы настрой на полі, чым у хляве, а па-трэцяе, карміліцы ў час патраў даюць больш малака, а гэта значыць, і большы прыбытак гаспадарцы, і большы наш заробак.

Валерый ДАРГЕЛЬ, механізатар КУСП «Браслаўскі».

Як кажа сам Валерый, колькі сябе памятае, увесь час за рулём трактара. Ён успамінае, што ў маладосці радаваўся новай тэхніцы, асабліва прываблівалі яго магутныя машыны. Валерый — адзін з лепшых работнікаў гаспадаркі, добры ён і гаспадар: мае кавалак зямлі, агарод, дзвюх кароў, авечак, курэй. З вясны да позняй восені мужчына ўвесь светлавы дзень на працы, па гаспадарцы ж часцей завіхаецца жонка. Раніцай Валерый выводзіць на пашу хатнюю жывёлу, а сам спяшаецца на работу. Вяртаецца ўжо з цёмным. Выгадавалі Даргелі дваіх сыноў, якія хоць і пайшлі вучыцца на інжынераў-механікаў, але пра работу ў сельскай гаспадарцы не мараць, бо бачылі цяжкую бацькаву працу.

— Не магу сказаць, што сёння шкадую пра калісьці выбраную прафесію механізатара, яна мяне многаму навучыла, напрыклад, рамантаваць любую тэхніку, шмат працаваць, — кажа Валерый Даргель. — А вось за ўраджай кожны год перажываю. А як інакш, калі ты стараўся з усёй моцы, нягледзячы на надвор’е і паломкі тэхнікі, ахвяраваў сваім асабістым часам, каб засеяць запланаваныя землі. А засеяў — чакаеш пладоў сваёй працы. На корманарыхтоўцы я працую на КЗР і таксама хвалююся, каб год быў ураджайным на травы.

Сёння ўжо нічога змяняць не стаў бы. Буду проста працаваць, як і раней, каб быў хлеб, мяса ды малако на стале ў кожнага беларуса, ды і ў мяне самога.

Аляксандр БАЛЬС, пастух ААТ «Бярозавы край».

Здаецца, у каго на самай справе рамантычная работа, дык гэта ў пастуха: на прыродзе круглыя суткі. Але ж калі задумацца… У любое надвор’е ён вядзе свой гурт, куды патрэбна. Схавацца ў маленькай пабудове, якую перасоўваюць разам з даільнай устаноўкай ад страўленых земляў да новай пашы, асабліва не атрымліваецца. Пагоншчык жывёлы пастаянна на нагах: ён плануе, як і куды пераводзіць гурт, адгароджвае новыя надзелы, сочыць за каровамі, іх здароўем, дапамагае першацёлкам расцяліцца.

— Мне падабаецца работа пастуха, — кажа Аляксандр Бальс. — Жывёлы прывыкаюць да цябе, добра адрозніваюць голас, адны лашчацца, іншыя паказваюць свой нораў, але слухаюцца ўсе. Ніколі не было такога, каб гурт разбегся. Прыкрыкну на іх, а яны разумеюць, што не жартую, хуценька ідуць, куды трэба. Калі надвор’е добрае, чэсна прызнацца, іншай работы і не хацеў бы. Увесь час на прыродзе: цішыня, сонейка свеціць, птушкі спяваюць — дзень хутка пралятае.

Леанід БАРТКЕВІЧ, галоўны заатэхнік СВК «Маяк Браслаўскі».

Без малога 40 гадоў працуе Леанід Барткевіч у «Маяку». Пасада галоўнага заатэхніка абавязвае кантраляваць усю галіну жывёлагадоўлі ў гаспадарцы, разбірацца і ў некаторых момантах раслінаводства. У любое надвор’е і нягледзячы на час сутак, Леанід спяшаецца на фермы, цялятнікі, пашы. Ён сочыць за станам кармоў і іх правільным размеркаваннем, за персаналам, які абслугоўвае пагалоўе кааператыва, вырашае пытанні ўтрымання жывёлы, з ветэрынарнай службай назірае за станам здароўя і своечасовым асемяненнем кароў, каардынуе агранамічную службу падчас нарыхтоўкі кармоў і догляду за пашамі, займаецца падборам кадраў.

— Ці выбраў бы іншую прафесію, калі б прыйшлося зноў пачаць спачатку, адназначна не адкажу, але сёння ўжо дакладна не змог бы працаваць у слабай гаспадарцы, — разважае Л. Барткевіч. — Памятаю, калі ў канцы 80-х ішло аб’яднанне сельгаспрадпрыемстваў, тут даілі 2 100 кілаграмаў ад каровы за год — сёння ўжо 7 324, сярэднясутачныя прывагі БРЖ раўняліся 200 грамам — цяпер яны дасягаюць 900 грамаў. Гэтых поспехаў мы дасягнулі дзякуючы зладжанай рабоце зааветслужбы і працавітых, адданых сваёй справе спецыялістаў і работнікаў гаспадаркі. Мы прайшлі шлях даўжынёй з сённяшні мой працоўны стаж, каб дабіцца поспехаў і выстаяць у складаных сітуацыях. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ