Пасяўная ў Браслаўскім раёне фінішуе і перадае эстафету корманарыхтоўцы

Экономика и финансы
На ўчарашні дзень аграрыі Браслаўшчыны засеялі яравымі культурамі 14 374 гектары глебы, а гэта крыху больш за 72 % ад запланаванага. Але з улікам азімых культур, насенне якіх па максімуме клалі ў глебу восенню, аб’ём плошчаў атрымаўся не меншы за леташні.

У цэлым выпрабаванне пасяўной кампаніяй браслаўскія хлебаробы вытрымалі, хоць было і складана. Своечасова прыступіць да сяўбы нашаму паўночнаму рэгіёну не давалі халады, потым зацягвала работы і ўсход зярнятак засуха, а доўгачаканыя дажджы за два дні так залілі палеткі, што наогул спынілі выхад сельгастэхнікі. Акрамя надвор’я, ад якога аграрыі залежаць, падводзіла тэхніка, што ўсё часцей выходзіць са строю. Але, нягледзячы ні на што, хлебаробы Браслаўшчыны сёння-заўтра дасяваюць кукурузу і ўжо праз тыдзень прымуцца за паўнавартасную касьбу траў. Цяпер жа толькі падкошваюць пашы пасля патраў іх жывёлай.

Не ў лідарах, але і не сярод апошніх сёлета ААТ «Бярозавы край». Працэнт засеяных гаспадаркай плошчаў не дацягвае да сярэднераённага, аднак абсалютная лічба значна перавысіла мінулагодні паказчык. Калі летась яравымі культурамі тут засеялі толькі 611 га, то ў гэтым годзе — 890.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Мікалай Бараноўскі лічыць, што станоўчага росту гаспадарка дабілася дзякуючы правільнай арганізацыі работ. Дарэчы, нагадаю, што гэты сельскагаспадарчы год «Бярозавы край» пачаў з новым дырэктарам Ігарам Брынкевічам, а на пасаду галоўнага агранома вярнуўся былы работнік Віктар Крывель. У такім тандэме разам з механізатарамі агульнымі намаганнямі ў гаспадарцы ўзаралі, падрыхтавалі і засеялі амаль 900 га глебы.

Работа арганізавана з 7 раніцы да 8 гадзін вечара. Абед і падвячорак прывозяць на поле гарачымі. Дарэчы, кормяць механізатараў у «Бярозавым краі» бясплатна.

На адной з самых адказных работ задзейнічаны Дзмітрый Гадзевіч. Ён на сваім чатырнаццацігадовым МТЗ-3022 засеяў палову ад усіх плошчаў гаспадаркі. Апошнімі днямі выбіраў палі на прыгорках (у нізіны ўжо з трактарам не трапіць з-за пераўвільготненай глебы) і сеяў царыцу палёў — кукурузу. У дні, калі ішлі дажджы, Дзмітрый таксама не сядзеў склаўшы рукі, а даводзіў да толку свой ПІМ, бо ў хуткім часе перасядзе на яго, каб пачаць новы сезон корманарыхтоўкі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ