Як заканчваецца навучальны год. «Браслаўская звязда» сабрала актуальную інфармацыю па гэтай тэме

STOP COVID-19! Человек и закон
Сітуацыя з распаўсюджаннем каранавіруса закранула літаральна ўсе сферы нашага жыцця, не абмінула яна і работу сістэмы адукацыі. Праўда, падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу ў ВНУ і школах значна адрозніваюцца. Калі большасць студэнтаў займаюцца аддалена і экзамены падчас чарговай сесіі рыхтуюцца здаваць у рэжыме анлайн, то многія пытанні атэстацыі школьнікаў напрыканцы навучальнага года заставаліся адкрытымі, што, адпаведна, выклікала хваляванне ў бацькоў. «Браслаўская звязда» сабрала актуальную інфармацыю па гэтай тэме.

Улічваючы важнасць дадзенай праблемы, Прэзідэнт правёў спецыяльную нараду, на якой заслухаў даклады віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі і міністра адукацыі Ігара Карпенкі. У цэнтры ўвагі былі выпускныя экзамены ў 9-х і 11-х класах, правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання і ўступнай кампаніі ў ВНУ, летні адпачынак дзяцей. У выніку абмеркавання адны пытанні набылі больш акрэсленыя рысы, некаторыя яшчэ будуць удакладняцца.

ПРАБЛЕМ З АТЭСТАЦЫЯЙ НЯМА

Паколькі школы наведваюць у сярэднім каля 41 % вучняў, зразумела, што бацькі тых 59 % дзяцей, якія займаюцца дома, чакалі рашэння па выстаўленні выніковых адзнак. Ігар Карпенка ўпэўнены, што з гэтым не будзе ніякіх праблем, бо «большасць школьнікаў дзесьці займаюцца і самастойна, дзесьці атрымліваюць індывідуальныя заданні, дзесьці анлайн падключаюцца да адукацыйнага працэсу». Міністр адукацыі сказаў: «Парадак атэстацыі ніхто не адмяняў. Ён дзейнічае. І кожны настаўнік ведае гэты парадак атэстацыі». Да таго ж вучні, што цяпер займаюцца дома, могуць прыйсці ва ўстанову адукацыі на вочную атэстацыю, якую магчыма правесці падчас падтрымліваючых заняткаў, пасля ўрокаў або ў шосты школьны дзень.

ВЫПУСКНЫЯ ЭКЗАМЕНЫ

Навучальны год завершыцца ва ўстаноўленыя тэрміны — 30 мая. Затым настане чарга выпускных экзаменаў, якія пройдуць у школах з 1 па 9 чэрвеня. Для вучняў 9-х класаў вызначаны тры даты для здачы выпускных іспытаў — 2, 4, 9 чэрвеня. У гэтыя дні выпускнікі базавай школы напішуць дыктоўкі па беларускай і рускай мовах, выканаюць кантрольную работу па матэматыцы. Вучні 11-х класаў будуць пісаць пераказ па беларускай або рускай мове (у залежнасці ад свайго выбару), выканаюць кантрольную работу па матэматыцы, здадуць у вуснай форме выпускныя экзамены па гісторыі Беларусі і замежнай мове. Для адзінаццацікласнікаў таксама ўстаноўлены тры даты правядзення пісьмовых іспытаў — 1, 3, 5 чэрвеня. Міністр адукацыі падкрэсліў, што ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі падчас экзаменаў будуць прыняты неабходныя меры перасцярогі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства аховы здароўя.

УРАЧЫСТАСЦІ ПАД ПЫТАННЕМ

Увогуле правядзенне масавых мерапрыемстваў у навучальных установах абмежавана. На дадзены момант мяркуецца, што атэстаты аб сярэдняй адукацыі выпускнікі ўсё ж такі атрымаюць ва ўрачыстай абстаноўцы 10- 11 чэрвеня. Магчыма, гэта адбудзецца на лінейках, якія можна правесці ў школьных дварах пад адкрытым небам. Што датычыцца выпускных вечароў, то Мінадукацыі прапануе вырашаць пытанне іх правядзення кожнай навучальнай установе індывідуальна з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі. Падкрэсліваецца, што з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі неабходна правесці адпаведную тлумачальную работу па фармаце правядзення гэтага мерапрыемства.

ЦТ І ЎСТУПНАЯ КАМПАНІЯ

Цэнтралізаванае тэсціраванне, першы дзень якога раней быў прызначаны на 13 чэрвеня, пачнецца з 25 чэрвеня. Міністэрства адукацыі распрацавала новы графік правядзення ЦТ. Плануецца і новаўвядзенне: тэсціраванне па прадметах, на якія запісваецца найбольшая колькасць жадаючых (руская мова і матэматыка), падзеляць на два дні. Перанос ЦТ не парушыць планаў абітурыентаў. «Якраз мы ўкладваемся ва ўсе тэрміны правядзення кампаніі, уключаючы момант падачы дакументаў, залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэт і платна, паступленне ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы», — упэўнены Ігар Карпенка. Дарэчы, Прэзідэнт лічыць, што ніякіх непатрэбных паслабленняў падчас уступнай кампаніі быць не павінна. «Для таго, каб вучыцца ў ВНУ, патрэбны веды», — сказаў ён.

ЛЕТНІ АДПАЧЫНАК ДЗЯЦЕЙ

Ужо з 1 чэрвеня пачнуць працу дзіцячыя аздараўленчыя лагеры ў школах. Колькасць месц у іх будзе залежаць ад наяўнасці заяў ад бацькоў. Летнія ж лагеры з кругласутачным знаходжаннем адкрыюцца на два тыдні пазней — з 15 чэрвеня. Гэты тэрмін вызначаны з улікам пажаданняў Міністэрства аховы здароўя. ■