Інтэрнэт-конкурс Браслаўскага РЦК стаў запатрабаваным не толькі ў Беларусі, але і у Расіі

Вялікай Перамозе - 76 Отдых
Першы анлайн-конкурс, арганізаваны Браслаўскім РЦК, сабраў немалую колькасць удзельнікаў, а канкурэнцыя была настолькі высокая, што выбраць пераможцу атрымалася толькі з другога разу…

Раённы цэнтр культуры праводзіў інтэрнэт-конкурс «Голас Перамогі» для ўдзельнікаў групы РЦК у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з 14 красавіка па 8 мая. Гэтае творчае спаборніцтва выклікала цікавасць не толькі ў браслаўчан: да яго далучыліся жыхары Віцебшчыны і нават Расіі. Каб паўдзельнічаць, неабходна было даслаць відэаверсію песні, верша, тэатралізаванай пастаноўкі на тэму вайны. Усяго ў аргкамітэт конкурсу паступіла 25 заявак. Лепшыя відэа былі апублікаваны ў групе «ВКонтакте», а таксама на YouTube-канале «Культура. Браслав. Онлайн».

Пераможцу выбіралі з дапамогай галасавання. Па плане лепшы нумар павінны былі вызначыць 9 мая, аднак для большай празрыстасці вырашылі правесці дадатковы фінал. Для таго, каб зрабіць выбар максімальна чэсным, галасаваць маглі толькі ўдзельнікі групы РЦК «ВКонтакте». У фінальную частку выйшлі 5 прэтэндэнтаў: Паліна Спірыдонава з Браслава, Ева Бэйнар з Опсы, Марыя Папова і Маргарыта Васькіна са Смаленска, Вікторыя Каралёва з Ярцава Смаленскай вобласці. Конкурс прадоўжылі да 12 мая, а 13 вызначалі пераможцу. Ім стала Вікторыя Каралёва з песняй «А закаты алые…». Падарунак дзяўчыне выслалі поштай, а астатнія ўдзельнікі атрымалі граматы.

Як адзначылі арганізатары, конкурсных відэа было шмат, аднак не ўсе змаглі прыняць удзел з-за якасці і неадпаведнасці эстэтычным патрабаванням, некаторыя заяўкі прыйшлі нават падчас падвядзення вынікаў. Тым не менш у РЦК задаволены цікавасцю да такога фармату мерапрыемстваў і ўжо анансавалі новае. Так, да Міжнароднага дня абароны дзяцей установа запусціла дзіцячы відэамарафон «Дзеці — наша будучыня». Для ўдзелу ў ім неабходна выканаць любы вакальны, харэаграфічны, літаратурны, тэатралізаваны, інструментальны твор працягласцю да 5 хвілін. Прыём работ будзе праходзіць з 15 па 28 мая. Азнаёміцца з умовамі правядзення мерапрыемства можна ў групе РЦК «ВКонтакте»: https://vk.com/rck_braslav. ■

Алена НАБЕЕВА