Ноч музеяў на Браслаўшчыне пройдзе ў новым фармаце

Отдых
Традыцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню музеяў, упершыню на Браслаўшчыне пройдзе ў новым фармаце — анлайн.

У суботу а 15 гадзіне супрацоўнікі ўстановы запусцяць прамую трансляцыю адкрыцця выставак і майстар-класы.

Як расказала загадчык музея традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч, для гледачоў запланавана насычаная праграма на некалькі гадзін. З дапамогай Інтэрнэту браслаўчане, а таксама жыхары іншых населеных пунктаў змогуць паглядзець работы беларускага фатографа Альфрэда Мікуса, пра сваю творчасць раскажа браслаўская мастачка Аліна Трукан, а прадстаўнікі дзіцячай школы мастацтваў выступяць з канцэртам. Будуць і майстар-класы па вырабе жаночых упрыгажэнняў.

«Гэта новы для нас фармат, але мы спадзяёмся, што ў музея будзе шмат віртуальных наведвальнікаў, тым больш што праграма дастаткова разнастайная. Запрашаем правесці суботу разам з намі, не выходзячы з дому», — адзначыла Элеанора Зінкевіч. ■

Алена НАБЕЕВА