У Браслаўскім раёне правялі анлайн-віктарыну «Перамогу шануем, герояў помнім!»

Вялікай Перамозе - 76
Семдзесят пяць гадоў аддаляе нас ад Вялікай Айчыннай вайны, але яе падзеі ніколі не забудуць як людзі старэйшага пакалення, так і іх дзеці, унукі і праўнукі. Гэта заканамерна, бо ў краіне забяспечваецца пераемнасць пакаленняў, прыцягваецца ўвага моладзі да захавання гістарычнай памяці.

Аддзел па адукацыі Браслаўскага райвыканкама на мінулым тыдні правёў для школьнікаў інтэлектуальную анлайн-віктарыну «Перамогу шануем, герояў помнім!», прымеркаваную да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Удзел у ёй даў навучэнцам добрую магчымасць праверыць свае веды пра старонкі гісторыі ваенных гадоў, а таксама пэўным чынам далучыцца да навуковай дзейнасці.

Як расказала метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Сайкоўская, віктарына ўяўляла сабой тэст, дзе з прапанаваных варыянтаў адказу толькі адзін правільны, і адрасавалася старшакласнікам устаноў адукацыі Браслаўшчыны. Ім неабходна было на працягу трох дзён — з 7 па 9 мая — у любы час на платформе Google адказаць на 20 пытанняў, састаўленых па гісторыі вогненных 1941—1945 гадоў. Тэматыка першага тура тычылася разнастайных падзей Вялікай Айчыннай вайны, другі быў прысвечаны тагачаснай Браслаўшчыне. Каб выбраць адпаведны варыянт, вучням патрабавалася добра арыентавацца не толькі ў гісторыі, а і ў літаратуры.

Важныя даты, значныя падзеі, цікавыя факты і мноства ілюстрацый — усё гэта прыцягнула да інтэлектуальнага спаборніцтва 125 знатакоў з устаноў адукацыі раёна. Пераможцу абвясцілі на сайце аддзела па адукацыі: па ўмовах анлайн-віктарыны ім стаў вучань 11 класа Слабодкаўскай ЯССШ Антон Шакель, які першым правільна адказаў на ўсе пытанні.

Вось так на Браслаўшчыне яшчэ раз аддалі даніну памяці тым, хто змагаўся за вызваленне роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ўшанавалі іх бессмяротны подзвіг. ■

Жанна БЯЛЬКО