Пра што пісала «Браслаўская звязда» 55 гадоў таму назад (май 1965-га)

Калейдоскоп
ВЯСНА ІНТЭНСІФІКАЦЫІ

З вялікім уздымам шчыруюць хлебаробы калгаса «Праўда» на палях. Іх натхняюць рашэнні сакавіцкага Пленума ЦК КПСС, які выпрацаваў навукова абгрунтаваную праграму ўздыму сельскагаспадарчай вытворчасці. У калгасе плануюць павысіць ураджайнасць вядучых культур — азімых, ільну, бульбы, ужо павялічылі продаж мяса дзяржаве, узрасла і вытворчасць малака. Людзі прыкладваюць усе намаганні, каб цяперашнюю вясну зрабіць вясной інтэнсіўнага развіцця.

У ГОНАР ДНЯ ДРУКУ

Сіла савецкага друку заключаецца ў тым, што ён непарыўна звязаны з народам, а яго дзейнасцю штодзённа кіруе Камуністычная партыя. У партыі наш друк вучыцца мудрасці, высокай камуністычнай ідэйнасці, ленінскай прынцыповасці. Пятага мая, у Дзень друку, у раённым Доме культуры адбудзецца сход рабселькораў і чытачоў райгазеты «Браслаўская звязда», прысвечаны гэтай знамянальнай даце.

ВЫГАДНА ЎСІМ

І калгасы, і калгаснікі атрымаюць выгаду ў сувязі з увядзеннем з наступнага года новага парадку абкладання сельгасарцелей падаходным падаткам. Памер яго зніжаецца па краіне прыкладна ўдвая, а гаспадаркі, узровень рэнтабельнасці якіх не перавышае 15 %, увогуле вызваляюцца ад выплат. Вядома, што рабочыя і служачыя, у якіх сярэдні заработак не перавышае 60 рублёў у месяц, падаходны падатак не плоцяць. Гэты прынцып пашыраецца і на калгаснікаў.

«АГРЭХІ» Ў АБСЛУГОЎВАННІ

Бяльмонты — цэнтр сельсавета. Тут размешчана аддзяленне «Сельгастэхніка», пошта, школа, швейная майстэрня і чайная. Яшчэ больш ажыўленай стала вёска, калі непадалёку пачалося будаўніцтва торфабрыкетнага завода. Ды вось толькі бытавое абслугоўванне жыхароў «кульгае»: у швейнай майстэрні нельга заказаць паліто ці сукенку, бо не вязуць ні тканіну, ні гузікі, няма дзе сфатаграфавацца, пагаліцца. Кіраўніцтву райспажыўсаюза неабходна больш дбаць пра вяскоўцаў.

ДОБРЫ ПАДАРУНАК ТУРЫСТАМ

У невялічкім кутку браслаўскай зямлі — сотні тры-чатыры метраў у даўжыню, паўтары ў шырыню — раскінулася турысцкая база «Браслаўскія азёры», якая за апошнія гады набыла вядомасць. Тыя, каму даводзілася бываць тут раней, будуць здзіўленыя: яны бачылі на беразе возера некалькі невялікіх домікаў, цяпер жа на пагурку горда ўзвышаецца двухпавярховы будынак. Гэта будзе галоўны корпус, у ім поўным ходам ідуць аддзелачныя работы.

КУЛЬТУРА ВЁСКІ — СПРАВА ЎСІХ

Рабочыя саўгаса «Відзаўскі» з адабрэннем сустрэлі ініцыятыву глыбачан па навядзенні ўзорнага грамадскага парадку ў вёсцы. Першымі прыступілі да пераўтварэння ў жыццё намечаных мерапрыемстваў жыхары Гірэйшаў. У гэтай вялікай вёсцы ёсць клуб, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, сталовая — усё тое, што патрэбна для сельскіх працаўнікоў. Напярэдадні 1 Мая тут быў арганізаваны нядзельнік, на які сабраліся больш за 60 чалавек.

КНІГІ ЧЫТАЮЦЬ… МЫШЫ

Ёды — вялікі населены пункт, а яго жыхары тым часам не ведаюць, дзе ўзяць кнігу пачытаць. Бібліятэка закрытая з верасня мінулага года, калі дырэктар сельскага Дома культуры адправілася на вучобу. Старшыня сельсавета не знайшоў, каму перадаць кнігі, якія звалілі ў кучу ў асобным пакоі. Цяпер звыш дзвюх тысяч тамоў так і ляжаць ужо больш як сем месяцаў. Жыхары Ёдаў сумна заўважаюць, што чытаюць іх хіба толькі мышы. Крыўдна, што гэта нікога не турбуе.

МАТАЦЫКЛЫ Ў РАСТЭРМІНОЎКУ

У Ахрэмавецкім сельсавеце нядрэнна арганізаваны продаж тавараў у растэрміноўку. Асаблівым попытам карыстаюцца каштоўныя рэчы. Толькі за апошні час набылі матацыклы два працаўнікі з аддзялення «Сельгастэхніка», рабочы з саўгаса «Браслаўскі» і іншыя. Усяго за гэты год у раёне прададзена ў растэрміноўку 32 матацыклы.

СЕЯЦЬ НАСЕННЕ ІСЦІНЫ

Нядаўна ў вёсцы Слабодка на самым відным месцы, непадалёку ад дзіцячага сада, клуба і сельсавета, стаяў вялікі чорны крыж. Па патрабаванні грамадскасці яго ўбралі. Вядома ж, гэта правільна. Ды не ў тым галоўнае. Прыбяры з дарог усе крыжы, здымі іконы, спалі малітоўнікі, але поўнай перамогі над царкоўнікамі яшчэ не даб’ешся. Важней цярпліва пераканаць веруючага, даказаць яму шкоднасць рэлігійных ідэй, каб ён паверыў у праўду навукі. ■

Жанна БЯЛЬКО