У Опсе адкрылі мемарыяльную скульптуру і заклалі «Сад Перамогі»

Вялікай Перамозе - 76
У Опсе ўрачыста адкрылі мемарыяльную скульптуру ў гонар землякоў, загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Работа па яе аднаўленні, дарэчы, заняла пятнаццаць гадоў.

Справа ў тым, што такі мемарыял раней існаваў, але падчас спробы яго перамяшчэння з аднаго месца на другое, прадыктаванай пераўтварэннямі пры будаўніцтве аграгарадка, не вытрымаў: час узяў сваё. Тады старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель даў аднавяскоўцам і асабліва ветэранам слова, што адновіць помнік.

Сёлета гэтае абяцанне ўдалося рэалізаваць. Па ініцыятыве Р. Шукяля пры падтрымцы мясцовага сельвыканкама, раённых уладаў і грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд міру» фігура салдата, якая сімвалізуе ўсіх загінулых у той вайне опсаўчан, зноў заняла сваё пачэснае месца.

Рэканструкцыя мемарыяла праходзіла пад непасрэдным кіраўніцтвам беларускага скульптара, дацэнта кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Фінскага.

 

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін адзначыў, што адноўлены памятны знак — яшчэ адзін напамін нашчадкам пра жах і боль вайны, якая не шкадавала ні малых, ні старых. А таксама пра гераізм воінаў-вызваліцеляў, што паклалі на алтар Перамогі свае жыцці. «І наш абавязак — памятаць пра гэта, каб ніколі не паўтараць», — завастрыў увагу кіраўнік Браслаўскага раёна.

Рамуальд Шукель у сваім слове ўзгадаў няпростую гісторыю аднаўлення мемарыяла, якая расцягнулася на многія гады, і падзякаваў усім, хто падтрымаў ініцыятыву і дапамог у рэалізацыі намечаных планаў.

Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай — салдат, партызан і мірных жыхароў — хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак.

У працяг мерапрыемства ўдзельнікі мітынгу заклалі ў Опсе сад, таксама прысвечаны 75-й гадавіне Перамогі. Больш за сотню яблынь і груш — а кветкі менавіта гэтых дрэў сталі сапраўднымі сімваламі святочнага мая — упрыгожылі аграгарадок.

955-м дрэвам, высаджаным у раёне, стала яблынька.

Сімвалічна і тое, што ў гэтым ліку было і 955-е дрэва, пасаджанае ў раёне з пачатку года. Яго прысвяцілі сёлетняму юбілею горада Браслава. Пачэсную місію пасадзіць юбілейную яблыньку з задавальненнем выканалі старшыні райвыканкама Аляксандр Баданін, райсавета Ніна Пучынская, Опсаўскага сельвыканкама Ала Даніліна і СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ