На Браслаўшчыне заклалі новую добрую традыцыю «Сад прызыўніка»

Вялікай Перамозе - 76
У год 75-й гадавіны Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ў рамках веснавога прызыву на Браслаўшчыне заклалі новую добрую традыцыю: будучыя салдаты ў двары райваенкамата разам высаджваюць дрэва. Плануецца, што праз некалькі гадоў тут з’явіцца «Сад прызыўніка».

На мінулым тыдні маладыя браслаўчане, якія ў хуткім часе адправяцца служыць, прыйшлі ў ваенкамат, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі павесткі з рук раённага ваеннага камісара Мікалая Скаўронскага і пасадзілі першае дрэва ў будучым садзе. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для прызыўнікоў саджанец яблыні, якая сімвалізуе вясну і Перамогу.

М. Скаўронскі паабяцаў, што традыцыя абавязкова працягнецца і сад будзе радаваць не адно  пакаленне браслаўчан.

У сваю чаргу старшыня прызыўной камісіі Вольга Вялічка пажадала будучым салдатам моцнага здароўя, удачы, цярпення, берагчы сябе і памятаць, што дома іх чакаюць блізкія.

Рамуальд ВАЙТАНЕЦ

 

Рамуальд ВАЙТАНЕЦ, прызыўнік:

— Я нарадзіўся і жыву ў вёсцы, але да гэтага часу мне не даводзілася садзіць дрэвы. Гэтая яблыня, можна сказаць, мой першы вопыт. Думаю, што сёння мы паклалі пачатак неблагой традыцыі, і я рады, што маю дачыненне да яе. Магчыма, на самай справе калісьці я прыйду ў ваенкамат

са сваімі сябрамі ці роднымі і змагу паказаць ім дрэва, з якога пачаўся вялікі сад, раскажу сваю гісторыю прызыву і службы ў войску і, можа, нават пакаштую яблык.

Вольга ПАТАПОВІЧ.