Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі. Сфера адукацыі: 1940–2020 гг.

Браславскому району — 80 лет Главное
Галіна адукацыі раёна прайшла працяглы шлях развіцця. Як вядома з гістарычных крыніц, школы ў Браславе, Друі, Іказні, Відзах, Дрысвятах існавалі ўжо ў ХVI—ХVII ст. Мы ж прапануем вашай увазе падборку фактаў з гісторыі дзейнасці ўстаноў адукацыі на працягу апошніх 80 гадоў.

У 1940 годзе ў Браслаўскім раёне працавала 81 школа. З іх 60 — беларускіх, 20 — рускіх, 1 — яўрэйская. У Відзаўскім раёне налічвалася 49 школ.

У верасні 1941 года на тэрыторыі генеральнага камісарыята Беларусі (акрамя тэрыторый, што патрапілі пад уладу нямецкага ваеннага кіраўніцтва) было ўведзена абавязковае навучанне дзяцей ад 7 да 14 гадоў, за выключэннем яўрэяў.

У 1946 — 1947 навучальным годзе ў Браслаўскім раёне працавалі 75 школ: адна сярэдняя, 7 сямігадовых і 67 пачатковых. З іх 16 размяшчаліся ў тыпавых будынках, 28 — у прыстасаваных дзяржаўных памяшканнях і 31 — у наёмных. Налічваўся 5 331 вучань, 223 непаўналетнія сіраты выхоўваліся ў Опсаўскім сельскім дзіцячым доме.

Для ліквідацыі непісьменнасці ў раёне адкрываліся новыя пачатковыя школы. Ужо бліжэй да сярэдзіны 60-х гадоў тут працавалі 113 школ. У сувязі з увядзеннем абавязковай васьмігадовай адукацыі становіцца больш і васьмігадовых школ.

Па даных, апублікаваных у «Браслаўскай звяздзе», у 1960 годзе ў раёне налічвалася 545 настаўнікаў, а ў 1965 г. — 770. Павялічваецца і колькасць вучняў, якія атрымалі сярэднюю адукацыю: у 1960-м — 181 навучэнец, у 1965-м — 556.

У 1964 годзе пачаў узводзіцца новы двухпавярховы будынак школы ў Слабодцы на 320 месц.

У школах раёна на 1965 год працавалі 8 заслужаных настаўнікаў БССР, 35 — узнагароджаных знакам «Выдатнік народнай асветы», 43 — ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР.

У 1967 годзе Браслаўская сярэдняя школа імя А. М. Жданава справіла наваселле ў новым трохпавярховым будынку, а за год да гэтага ёй было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза. У 1975 і 1976 гадах аўтамабілісты школы першынствавалі на абласных спаборніцтвах (штогод разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі тут атрымлівалі правы шафёра).

У раённым турыстычным злёце піянераў і школьнікаў, які праходзіў у 1979 годзе ў Опсе, прынялі ўдзел звыш 300 дзяцей.

Дом піянераў (цяпер цэнтр дзяцей і моладзі) у 1979 годзе наведвалі 518 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаліся ў 14 гуртках рознай накіраванасці, сярод іх — клуб інтэрнацыянальнай дружбы. У ім юныя браслаўчане вялі перапіску з аднагодкамі з розных саюзных рэспублік.

Сярэднюю школу ў 1979-м у раёне скончылі 469 вучняў, а васьмігадовую — 780.

На базе Браслаўскага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната ў 1982 годзе старшакласнікі праходзілі падрыхтоўку па 7 спецыяльнасцях.

У канцы 70-х гадоў пачынаецца масавае закрыццё малакамплектных устаноў адукацыі, а ў 80-х — 2000-х застаецца каля 50 школ. Паступова ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база.

У 1995 годзе ў Браславе адкрылася гімназія.

Паступова праводзіліся рэформы сістэмы адукацыі: ішоў перавод агульнаадукацыйных школ на 12-гадовы тэрмін навучання (1999—2000 гг.), пашыралася дыферэнцыяцыя вучэбнага працэсу. У 1998-м быў 41 клас з рознаўзроўневым навучаннем, а ў 1999-м — 122.

У 2002-м уводзіцца 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў вучняў.

У 2008—2009 навучальным годзе ў раёне налічвалася гімназія, 14 сярэдніх, 16 базавых, 3 пачатковыя школы, дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтры карэкцыйна-развіваючай адукацыі і дзіцячай творчасці, 4 яслісады, 12 дзіцячых садоў, 9 вучэбна-педагагічных комплексаў «дзіцячы сад — школа».

Па выніках 2018—2019 года скончылі навучанне на другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі 412 навучэнцаў.

Летась навучальны год пачалі 826 выхаванцаў дашкольных устаноў і 2 081 навучэнец школ. У першыя класы адправіліся 220 вучняў. Усяго ў раёне працуе 11 школ і 11 дашкольных устаноў.■

Алена НАБЕЕВА