«Туліліся ў зямлянцы. Харчаваліся з агарода». Браслаўчанін расказаў пра пасляваеннае жыццё

Вялікай Перамозе - 75
Усё далей і далей сыходзяць у мінулае грозныя саракавыя — гады народнага гора і народнай славы, масавага гераізму і доблесці нашых продкаў. Складаныя часы разрухі і нястачы, аднаўлення сельскай гаспадаркі і прамысловасці, развал вялікай дзяржавы і перабудову, станаўленне Беларусі — усё гэта перажылі і памятаюць тыя, хто нарадзіўся ў гады пасля Перамогі. Напрыклад, яе равеснік — Рышард Шпак. Ён падзяліўся ўспамінамі свайго дзяцінства, юнацтва і сталасці, а мы ў сваю чаргу прапануем разам з ім акунуцца ў пасляваеннае жыццё, каб разумець, як жылося нашым бацькам, дзядам і прадзедам, як яны наладжвалі ўсё тое, што парушыла вайна, удасканальвалі народную гаспадарку і свой быт.

Сям’я Рышарда Шпака жыла ў вёсцы Рукшы Ахрэмавецкага сельсавета. Яшчэ да вайны ў Ігнація і Адэлі Шпакоў з’явіўся першанец, а другі сын (наш герой) нарадзіўся ў 1945 годзе. У вайну іх хата, як і многіх іншых аднавяскоўцаў, згарэла, і сям’і некаторы час прыйшлося туліцца ў зямлянцы. Там жа нарадзілася і наступнае дзіця — дзяўчынка. Дзесьці ў 1948 годзе пераехалі ў пабудаваны бацькам дом, дзе і ложкі, і шафы, і другая мэбля былі зроблены яго рукамі. Іншыя вяскоўцы таксама паціху перабіраліся ў свае хаты, успамінае суразмоўца.

— Пасля вайны большасць людзей жылі ў беднасці, наша сям’я таксама не была выключэннем, — расказвае Рышард Шпак. — Хоць у мамы быў характар такі: яна не сядзела склаўшы рукі, увесь час старалася, нешта рабіла, шукала выйсце і заўсёды імкнулася зрабіць хоць што-небудзь, каб мы, яе дзеці, не адчувалі нястачы. «Хто працуе, той і мае», — трымаючыся такога правіла, пражыла яна ўсё жыццё і нас вучыла не баяцца працы, а зарабляць на чым толькі можаш і ўмееш.

Жылі з агарода, хадзілі ў лес у ягады і грыбы, рыбачылі і летам, і зімой. Дарэчы, збіраць лясныя дары мама нас, можна сказаць, прывучыла. Кожны год мы не толькі рабілі запасы для сям’і, а і абменьвалі іх на іншыя прадукты ці тавары або прадавалі. Гэтак было не толькі ў пасляваенныя часы, а і пазней. Нават сёння, будучы на заслужаным адпачынку, я з задавальненнем хаджу ў лес, збіраю ягады і грыбы, а лішкі прадаю на кірмашы. Не ад таго, што грошай не хапае, а таму, што прывык так.

Мама была веруючым чалавекам. Нас усіх у дзяцінстве хрысцілі ў касцёле, прывучалі маліцца перад сном, хрысціцца перад кожным прыёмам ежы і верыць у Бога. У хаце былі абразы. За жонку ўзяў таксама каталічку. Калі жаніліся, мясцовыя ўлады асабліва не дазвалялі наведваць храмы, але мы патаемна з’ездзілі ў суседнюю Літву, каб прайсці абрад вянчання. Веру я пранёс праз гады.

Нягледзячы на цяжкасці, якія давялося пераадолець Р. Шпаку, успаміны пра дзяцінства ў яго толькі станоўчыя і пазітыўныя. Ён расказаў, што ў іх вёсцы было 38 хат і ў кожнай — па 3 – 5 і больш дзяцей. Усе гулялі разам. Зімой каталіся на санках, лыжах і каньках. Дарэчы, усё гэта дзеці з бацькам рабілі сваімі рукамі. Напрыклад, каб атрымаліся канькі, патрэбны былі дошчачкі, на якія прымацоўвалі дрот і падвязвалі іх шнуркамі да падэшвы.

Рышард з хлопцамі часта хадзіў на рыбалку. Але лескі тады не было, замест яе бралі валасы з конскага хваста, кручок рабілі са шпількі і вельмі даражылі ім.

З радасцю і іскрынкай у вачах расказвае Р. Шпак і пра школьныя гады. Вучыўся ён добра, але за кампанію калінікалі любіў і прагуляць. Успамінае ён, што ў школу ішлі гуртам дзесьці 2 км. Дзяўчат выпраўлялі на заняткі, а з хлопцамі заставаліся ў лесе. Там гулялі ў партызан, палілі вогнішча. Часта па дарозе на калгасным полі рвалі пераспелы гарох, падпальвалі яго, усё згарала, заставаліся толькі стручкі са смажанымі гарошынамі — гэта і елі цэлы дзень. І вельмі смачна было. А калі заняткі заканчваліся, перапынялі аднакласнікаў на дарозе і бралі ў іх сшыткі, перапісвалі хатнія заданні, каб дома не здагадаліся, што прагулялі. Увогуле ж наведваць школу Рышард любіў. Ён заўсёды прымаў удзел у самадзейнасці, быў завадатарам вечарын і мерапрыемстваў.

Некаторы час сям’я Р. Шпака жыла ў Латвіі: як і многія іншыя ў той час, шукалі лепшага жыцця. За сваім домам у Рукшах папрасілі прыглядаць суседзяў. За Рыгай жыла бабуля Рышарда, таму бацькі выбралі той напрамак. Пасля вайны там засталося шмат пустых дыхтоўных дамоў, сям’і Шпакоў выдзелілі адзін з іх. Бацькі і старэйшы брат працавалі ў калгасе. Рышард жа вучыўся, як і яго малодшыя сёстры. У той мясцовасці жыло шмат рускіх, беларусаў, але ж асноўная маса — латышы, і размаўлялі яны на сваёй роднай мове. Наш герой — чалавек камунікабельны, таму хутка пасябраваў з тутэйшымі хлопцамі і лёгка пераадолеў моўны бар’ер. Як кажуць, на хаду хапаў азы латышскай мовы. І нават калі пазней вучыўся там у вучылішчы, дапамагаў некаторым выкладчыкам размаўляць са студэнтамі па-руску, бо тыя выкладалі і для рускамоўных груп, а выказаць сваю думку правільна на чужой мове не заўжды маглі. Памятае ён і сёння шмат латышскіх слоў.

Увогуле любая вучоба Рышарду давалася лёгка — і ў школе, і далей. Ён добра разбіраецца ў тэхніцы, кіруе трактарам і аўтамабілем. Аднойчы вырашыў паступіць з сябрам у Гарадоцкі тэхнікум і без асаблівай падрыхтоўкі здаў выпрабаванні. Ужо ў сталым узросце яму прапанавалі пасаду ў каўбасным цэху — зноў жа з лёгкасцю прайшоў курс майстра халадзільнага абсталявання.

Не змаглі Шпакі доўга жыць на чужыне: дужа цягнула іх на любімую Браслаўшчыну. Таму вярнуліся на радзіму, і ўжо тут Рышард абзавёўся сваёй сям’ёй. Спачатку працаваў вадзіцелем у сельгастэхніцы, потым у ПМК–44, а на пенсію выходзіў з каўбаснага цэха нарыхтоўчай канторы.

З жонкай яны атрымалі кватэру ў Браславе, нарадзілі і выгадавалі двух дзяцей (дачку і сына), сёння ўжо маюць траіх любімых унукаў. З задавальненнем родныя разам праводзяць свой час, святы, часта сустракаюцца ў будні. Рышард Шпак не губляе аптымізму: ён, як і раней, з’яўляецца арганізатарам ужо дамашніх пасядзелак, любіць спяваць, дасціпна жартуе. Таксама для душы мае два любімыя заняткі: збіраць ягады ды грыбы і хадзіць на рыбалку.■

Вольга ПАТАПОВІЧ