«Шляхамі памяці». На Браслаўшчыну прыбыў факел з вечным агнём

Вялікай Перамозе - 75
Факел з вечным агнём патрыятычнай акцыі «Шляхамі памяці» прыбыў на Браслаўшчыну. Яго нашым культработнікам перадалі калегі з Шаркаўшчыны 11 мая на мяжы двух раёнаў.

Аўтаклуб і работнікі культуры Браслаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы далучыліся да абласнога марафону. Ён стартаваў 14 красавіка на мяжы Дубровенскага і Аршанскага раёнаў, а скончыцца 3 ліпеня ў Верхнядзвінску. У кожным рэгіёне факел, а таксама кнігі памяці і карты раёнаў з нанесенымі на іх воінскімі пахаваннямі знаходзяцца па некалькі дзён. На працягу гэтага тэрміну работнікі аўтаклуба наведваюць помнікі загінулым салдатам і мірным жыхарам, ускладаюць да іх кветкі.

У панядзелак адбылася ўрачыстая перадача факела ў Браслаўскі раён. Акрамя гэтага, работнікі аўтаклуба з Шаркаўшчыны прывезлі карты і кнігі памяці Дубровенскага, Аршанскага, Талачынскага, Чашніцкага, Лепельскага, Докшыцкага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Далей шлях патрыятычнай эстафеты ляжыць на Мёршчыну. Такім чынам, акцыя аб’яднае ўсе рэгіёны Віцебскай вобласці.

— Мы вельмі хвалюемся, прымаючы сімвалы марафону «Шляхамі памяці», — адзначыла загадчык аўтаклуба Рэгіна Балтруковіч. — Разам з тым ужо падрыхтавалі карту і кнігу «Памяць» Браслаўскага раёна і з гонарам перададзім іх далей для далейшага ўдзелу ў эстафеце. ■

Алена НАБЕЕВА