Старшыня Браслаўскага райсавета і ваенны камісар павіншавалі ветэрана

Актуальное Вялікай Перамозе - 75
Набліжаецца адно з галоўных свят краіны — Дзень Перамогі. Подзвіг нашых продкаў, здзейснены на фронце або ў тыле, назаўсёды застанецца ў гісторыі і заўжды будзе для новых пакаленняў яркім прыкладам любові да Радзімы, праяўленнем сапраўднага патрыятызму. На жаль, усё менш застаецца жывых сведак тых памятных і гераічных гадоў. Сёння на Браслаўшчыне пражываюць 3 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Яны ў цэнтры ўвагі не толькі ў перадсвяточныя дні, а акружаны клопатам і ў паўсядзённым жыцці. Па-іншаму і быць не можа, бо мы ведаем: менавіта гэтым людзям абавязаны галоўнай каштоўнасцю — мірам.

Напярэдадні 9 мая прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый наведваліся да ветэранаў вайны, каб яшчэ раз выказаць словы падзякі не толькі за Перамогу, а і за станоўчы прыклад, які яны перадаюць наступным пакаленням. Завіталі ў госці і да вязняў фашысцкіх канцлагераў, цікавіліся здароўем, праблемамі, таксама абмяркоўвалі прыемныя падзеі іх жыцця.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і ваенны камісар раёна Мікалай Скаўронскі ў перадсвяточныя дні наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна Браслаўшчыны, заслужанага настаўніка БССР Івана Кожара. Ён, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, сустрэў гасцей на парозе дома пры поўным парадзе. Прызнаўся, што вельмі рады ўвазе да яго з боку ўлады.

Сёння ветэрану 96 гадоў і ён найлепшы прыклад для маладых. Іван Іванавіч пражыў чэснае жыццё, выхаваў дзяцей, не адно пакаленне яго вучняў добрым словам успамінае свайго настаўніка — патрабавальнага, але справядлівага і цікавага чалавека са шчырай душой, вялікім сэрцам і нялёгкай гісторыяй жыцця. Цяпер ён жыве адзін і адмаўляецца ад дапамогі сацработніка: кажа, што не любіць, калі чужыя гаспадараць у хаце. Мала таго, што самастойна гатуе сабе ежу, прыбіраецца ў пакоях, наводзіць парадак на двары, дык яшчэ і трымае курэй, пра якіх клапоціцца з асаблівай радасцю. Маральна падтрымлівае ветэрана і дапамагае яму ў хатніх справах надзейны таварыш Юрый Саманаў. Ён наведвае Івана Іванавіча амаль кожны дзень, прывозіць пачастункі, дзеліцца навінамі. І. Кожар расказвае, што вельмі палюбіў гэтага, здавалася б, зусім чужога чалавека, прывязаўся да яго душой і кожную раніцу, прачынаючыся, чакае прыезду сябра.

Гэтым разам таксама не абышлося і без успамінаў пра вайну і жыццё пасля яе. Кожная гісторыя Івана Кожара захапляе і здзіўляе, яшчэ раз нагадвае нам пра мужнасць нашых прадзедаў, іх адвагу і гераізм.

У сваім віншаванні Ніна Пучынская сардэчна падзякавала ветэрану за Перамогу і магчымасць жыць, працаваць і гадаваць дзяцей у мірнай самастойнай дзяржаве. Пажадала яму моцнага здароўя і сустрэць яшчэ не адну вясну. Перадала яна таксама віншаванні ад Прэзідэнта краіны і падарунак ад мясцовай улады.

Мікалай Скаўронскі ў сваю чаргу папрасіў ветэрана і надалей дзяліцца ўспамінамі пра вайну, каб сучаснікі ведалі і памяталі пра гераічны шлях салдат, што заваявалі для ўсіх нас Перамогу, і бралі прыклад з такіх, як Іван Кожар. Таксама ваенны камісар уручыў віноўніку ўрачыстасці памятны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941— 1945 гадоў». ■

Вольга ПАТАПОВІЧ