Кожную выставу па-новаму. Бібліятэкар распавяла, як прыцягваць увагу да кніг

В свободное время
Традыцыйна ў бібліятэках раёна вялікую ўвагу надаюць такой форме дзейнасці, як кніжныя выстаўкі. Іх па праве можна лічыць візітнымі карткамі ўстаноў, бо менавіта так бібліятэкары інфармуюць чытачоў пра новыя паступленні альбо цікавыя творы з фондаў. У Ахрэмаўцах увасобілі ў жыццё чарговы цікавы праект, заснаваны на колерах вокладак выданняў.

Супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі падрыхтавалі цэлую серыю кніжных выставак «Тыдзень каляровай кнігі». Так, спачатку дэманстраваліся кнігі з чырвонымі вокладкамі. Па змесце яны самыя разнастайныя: класічныя творы і дэтэктыўныя жанры, любоўныя раманы і паэтычныя зборнікі, фантастыка і гістарычная проза. Праз сем дзён іх змянілі выданні з зялёнымі вокладкамі, потым — з сінімі. Цяпер настала чарга «Тыдня жоўтых кніг».

— Стараемся здзіўляць нашых наведвальнікаў і тым самым прыцягваць іх увагу да выданняў, — кажа бібліятэкар Алена Далецкая. — Рыхтуючы кніжныя выстаўкі, імкнёмся аформіць іх па-новаму, каб было не так, як у іншых установах. Мы плануем прадоўжыць цікавую рознакаляровую серыю, якая прыйшлася даспадобы чытачам. Аказваецца, вясёлка можа быць не толькі ў небе, але і ў бібліятэцы! ■

Жанна БЯЛЬКО