Дойныя статкі перавялі на пашавае ўтрыманне

Экономика и финансы
Нягледзячы на тое, што сёлетняе зімова-стойлавае ўтрыманне дойнага статка было значна лепш забяспечана травяністымі кармамі, чым у папярэднія гады, усё ж падзення валавога надою малака за гэты перыяд большасць гаспадарак раёна не пазбеглі. Недабор малочнай прадукцыі трэба кампенсаваць у пашавы перыяд.

Як вядома, перавод жывёлы з зімовага рацыёну на зялёны корм — працэс складаны і, як правіла, цягне за сабой зніжэнне прадукцыйнасці статка. Аднак калі правесці яго правільна, то страты будуць мінімальныя.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання райвыканкама Віктар Казінец, сёлета першыя гурты кароў выправіліся на пашу ў КУСП «Браслаўскі», ААТ «Мяжаны» і «Друйскі». Сенажу там хапала, але захаваць яго як след не змаглі, таму спажыўнасць кармоў была вельмі малая, а надоі — нізкія. Але як толькі каровы паспрабавалі зялёнай травы — адразу прыбавілі ў малаку.

Паступова ўслед за пералічанымі гаспадаркамі ў апошняй дэкадзе красавіка дойныя статкі на летняе пашавае ўтрыманне перавялі амаль усе. Пакуль жа ў хлявах яшчэ знаходзіцца па гурце ў ААТ «Слабодкаагра» і «Аграсэрвісе», дзе да гэтай пары не могуць вырашыць кадравую праблему з пастухамі.

Таксама не выпасаюцца гурты ў «Маяку Браслаўскім» і «Урбанах», але тут прычыны іншыя. Пакуль няма добрага травастою, яны трымаюць жывёлу на прывычным рацыёне, каб не згубіць у надоях.

Усім жа кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна даведзена да ведама і пастаўлена канкрэтная задача: увесь дойны статак да 9 мая павінен быць на пашы. Зразумела, гэта не датычыць двух комплексаў з даільнымі заламі — «Ёдлавічы» і «Відзы-Лаўчынскія», дзе каровы ўтрымліваюцца на круглагадовым бяспрывязным утрыманні.

«Першае страўліванне пашы вялося без электрапастухоў, каб каровы на палях маглі знайсці патрэбную колькасць кармоў, ды і ў такое сухое надвор’е травы не вытоптвалі. Цяпер прайшлі дажджы, і дзесьці праз 2 тыдні, калі ўсё складзецца як след, мы зможам запусціць кароў у добрую траву і атрымаць доўгачаканае «вялікае» малако», — адзначыў В. Казінец. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ