Браслаўчане занялі другое месца ў рэспубліканскім конкурсе ад МНС

Актуальное В свободное время Люди
У каго яшчэ з браслаўскіх падлеткаў ёсць дыпломы за подпісам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Вашчанкі? А вось вучні сярэдняй школы № 1 імя А. М. Жданава Віталь і Яўген Антонавы могуць ганарыцца гэтым фактам.

Мы ўжо пісалі пра тое, што хлопцы перамаглі на абласным этапе конкурсу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь «Выратавальнікі вачамі дзяцей». Нядаўна ж іх узрушыла яшчэ адна навіна: другое месца ў рэспубліканскім фінале ў намінацыі «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі»!

Драўляны МАЗ быў высока ацэнены журы ў Мінску і атрымаў шмат станоўчых водгукаў. Павіншаваць асабіста хлопцаў і іх педагога Аляксандра Пятроўскага з поспехам прыехаў намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Гаўрыленка. Ён падзякаваў браслаўчанам за годнае прадстаўленне Віцебшчыны ў фінале і ўручыў школьнікам дыпломы і каштоўныя падарункі — фітнес-бранзалеты. А таксама пажадаў добра вучыцца, перамагаць на розных конкурсах і, магчыма, абраць для сябе прафесію выратавальніка. «Такія адказныя і ўмелыя хлопцы ў нашых радах нам патрэбны», — адзначыў А. Гаўрыленка. ■

Алена НАБЕЕВА