«Бачыла проста фантастычныя лісічкі памерам з вялікую талерку». Успаміны браслаўчанкі, якая жыла ў чарнобыльскай зоне

Актуальное Люди
Аварыя 1986 года, якая здарылася ў Чарнобылі на атамнай станцыі, карэнным чынам змяніла жыццё тысяч беларусаў. Сярод іх як ліквідатары вынікаў страшэннай катастрофы, так і жыхары, што апынуліся ў зоне адсялення ды былі вымушаны пакінуць абжытыя куткі. Хоць і прайшло ўжо больш як 30 гадоў, а тыя падзеі дагэтуль застаюцца ў памяці жыхаркі Дрысвят Ванды Ігнацьевай.

Сама Ванда Антонаўна — ураджэнка Браслаўшчыны. Закончыўшы школу, працавала піянерважатай, потым паступіла на геафак Белдзяржуніверсітэта. І ў 1988 годзе маладую настаўніцу геаграфіі размеркавалі на Гомельшчыну: там не хапала спецыялістаў. Два гады настаўнічала яна ў в. Старое Закружжа Веткаўскага раёна.

 

На новым месцы

Адразу ж па прыездзе новых педагогаў здзівілі заасфальтаваныя вясковыя вуліцы і ўсе тэрыторыі каля жылых і адміністрацыйных будынкаў, нават вакол дрэў пакінуты былі толькі вузенькія лапікі зямлі: так папярэджвалі перанос пылу. У немалым населеным пункце хапала свабоднага жылля, таму дзвюм прыезджым настаўніцам выдзелілі асобны дом.

Жыхары Старога Закружжа на той час ужо не трымалі вялікай гаспадаркі, толькі курэй ды гусей. А вось агароды садзілі.

— Аднойчы я з сяброўкай выбралася ў лес паглядзець, што там робіцца, — узгадвае В. Ігнацьева. — Да гэтага часу памятаю тыя проста фантастычныя лісічкі памерам з вялікую талерку.

Дарэчы, есці было што: у магазін завозілі шмат прадуктаў, у тым ліку дэфіцытную тады грэчку, тушонку, а таксама апельсіны і мандарыны. На вітамінныя плады нават была ўстаноўлена норма: на дзіця большая, на дарослага — у два разы меншая. Пастаянна стаяла на паліцах і гарэлка, якую па рэспубліцы на той час яшчэ пашукаць трэба было. Хоць і хадзілі чуткі пра карысць чырвонага віна, але мясцовыя мужчыны «ратаваліся» больш моцнымі напіткамі. Па суседстве з настаўніцамі жыла сям’я, галава якой часта прыкладаўся да бутэлькі. Дык вынікі чарговага агляду здзівілі медыкаў: у непітушчай жонкі ў арганізме радыяцыя літаральна зашкальвала, а ў мужа — чыста.

Вяскоўцы на той час страху не адчувалі: радыяцыя ж на вока нябачная. Адзначалі святы, гулялі вяселлі, па традыцыі збіраліся ў лесе на Вялікдзень. Працаваў клуб, ансамбль пры ім нават на тэлебачанні запісвалі. Улады прапаноўвалі выехаць усёй вёскай пад Харкаў, але людзі не згадзіліся: хацелі куды-небудзь бліжэй, каля сваякоў.

 

Пад знакам асцярожнасці

Работы педагогам у зоне адсялення хапала, і яна адрознівалася ад звычайнай: дзеці знаходзіліся ў школе з раніцы да самага вечара — каб не бегалі па вуліцы. Нават на прагулкі па свежым паветры вучняў не вадзілі — нельга было.

Да пражывання ў дамах таксама прад’яўляліся пэўныя патрабаванні: падтрымліваць чысціню, абавязкова праціраць пыл, каля ўваходных дзвярэй на падлогу класці вільготную анучу.

Увесь час прыязджалі замежныя камісіі, праводзілі маніторынг, замяралі ўзровень радыяцыі. З аднаго боку, мясцовых дзяцей штогод на 2 – 3 змены вывозілі на адпачынак, напрыклад, у Санкт-Пецярбург: лічылася, што за гэты час у экалагічна чыстым месцы арганізм аздараўляецца. З другога — зняты ў вёсцы адразу пасля аварыі грунт так і пакінулі каля лесу незахаваным. Між тым у сельскай гаспадарцы працавалі як звычайна: сеялі, вырошчвалі жывёлу.

Першы год для маладых спецыялістаў прайшоў больш-менш спакойна, а потым улады аб’явілі, што вёска ўвайшла ў зону першаснага адсялення. Па словах Ванды Антонаўны, пасля гэтага жыць стала не так камфортна. Мясцовыя стараверы, ад’язджаючы, па традыцыі пакідалі вазоны з кветкамі, фіранкі — у пустых хатах гэта выглядала страшнавата. На змену вяскоўцам з’явіліся так званыя асацыяльныя грамадзяне, у тым ліку з турмаў. Было аднойчы, нават у дом да настаўніц спрабавалі залезці — дзяўчаты дужа тады напалохаліся.

 

Чарговы жыццёвы этап

Падчас перасялення са Старога Закружжа ўсіх настаўнікаў звольнілі, прапанаваўшы працу ў любой школе Веткаўскага раёна: быў востры недахоп кадраў. Але В. Ігнацьева вырашыла вярнуцца дадому, на Браслаўшчыну, — ужо ў статусе перасяленкі, мае і адпаведнае пасведчанне. Дарэчы, пасля пераезду Ванда Антонаўна правярала ў сябе ўзровень радыяцыі: урачы запэўнілі, што нічога няма, але балючыя наступствы ўсё ж такі адгукнуліся ў яе сям’і пасля…

У далёкім 1990 годзе маладая настаўніца перабралася ў Дрысвяты, выйшла замуж і да гэтага часу працуе ў мясцовай школе. Выпрабаванні лёсу не пазбавілі жанчыну бадзёрасці духу і аптымізму. Яна доўгі час захаплялася спевамі (была ўдзельніцай вядомага калектыву «Вярба»), займаецца са сваімі вучнямі навуковымі даследаваннямі, любіць чытаць мастацкую літаратуру, асабліва паэзію.

Калі надыходзіць 26 чысло красавіка, Ванда Ігнацьева заглядае ў групу ў сацсетках, дзе былыя жыхары Старога Закружжа абменьваюцца інфармацыяй, дасылаюць фотаздымкі, — такі від настальгіі, з якой звыклася за гэтыя гады.■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.