Усё пра льготы «чарнобыльцам»

Власть и общество
Сёлета спаўняецца 34 гады з моманту катастрофы на атамнай станцыі ў Чарнобылі. Нават цяпер яна адгукаецца ў лёсах тысяч людзей у розных краінах. У Беларусі, каб кампенсаваць негатыўныя наступствы гэтай буйнейшай тэхнагеннай аварыі сучаснасці, быў прыняты Закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» ад 6 студзеня 2009 года № 9-З. Пра забяспечаныя ім асноўныя гарантыі і льготы — у гутарцы з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Браслаўскага райвыканкама Інэсай Пашкевіч.

— Інэса Браніславаўна, хто на сённяшні дзень мае статус пацярпелага ад аварыі на АЭС?

— Згодна з законам, да такіх грамадзян адносяцца ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў гэтай катастрофы і жыхары, эвакуіраваныя, адселеныя, тыя, што самастойна выехалі з тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання з зоны эвакуацыі (адчужэння), зон першачарговага і наступнага адсялення альбо жывуць на ўказаных тэрыторыях, грамадзяне, у дачыненні да якіх устаноўлена прычынная сувязь інваліднасці з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, дзеці-інваліды (па той жа прычыне) ва ўзросце да 18 гадоў, насельніцтва, што пастаянна пражывае на тэрыторыі радыяактыўнага забруджвання.

 

— На якую дапамогу могуць разлічваць браслаўчане, што маюць дачыненне да тых трагічных падзей?

— Цяпер на ўліку ў нашым упраўленні як пацярпелыя ад чарнобыльскай аварыі знаходзяцца 44 жыхары Браслава і раёна. Закон прадугледжвае льготы па іх медабслугоўванні, аплаце лістка непрацаздольнасці, выкарыстанні часу адпачынку, пераважнае права на залічэнне пры паступленні на вучобу і пакіданне на працы ў выпадку скарачэння, а таксама пенсіённым забеспячэнні.

 

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра льготны парадак выхаду на заслужаны адпачынак.

— Шэраг пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС маюць права на прызначэнне ім пенсіі са зніжэннем агульнапрынятага ўзросту. Гэта грамадзяне, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе ці не менш за 10 сутак у 1987 годзе, — на 10 гадоў; у 1986—1987 гадах у межах зоны эвакуацыі (адчужэння) (акрамя занятых у 10-кіламетровай зоне), пры ўмове наступлення інваліднасці незалежна ад яе прычыны (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў), — на 5 гадоў. Права на датэрміновую пенсію па ўзросце на 10 гадоў раней маюць таксама грамадзяне, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, інваліды з прычыны катастрофы на ЧАЭС.

 

— Інэса Браніславаўна, а ці маюцца адрозненні ў залічэнні чарнобыльцам стажу?

— Так, час працы, ваеннай службы або службы на эксплуатацыi ЧАЭС i ў зоне эвакуацыi (адчужэння) з моманту катастрофы да 31 снежня 1987 года залiчваецца ў стаж працы (выслугу гадоў) і ў стаж, які дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы, у трохразовым памеры, а ў перыяд з 1 студзеня 1988 года — у паўтарачным. Час працы, ваеннай службы або службы ў зоне першачарговага адсялення, зоне наступнага адсялення з моманту чарнобыльскай катастрофы залiчваецца ў стаж працы (выслугу гадоў) у паўтарачным памеры.

 

— Існуе якаясьці дадатковая фінансавая падтрымка пацярпелых ад аварыі?

— Такая дапамога прадугледжана ў выглядзе надбаўкі да пенсіі. Напрыклад, грамадзянам, у дачыненнi да якiх устаноўлена прычынная сувязь інваліднасці з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, выплачваюцца надбаўкі ў наступных памерах ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце: інвалідам I групы, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў — 100 %; інвалідам II групы — 75 % і III групы — 50 %. Тым, хто прымаў удзел у работах па ліквідацыі наступстваў аварыі ў 1986 — 1987 гадах, выплаты складаюць 50 % мiнiмальнага памеру пенсii па ўзросце. Удзельнікам ліквідацыі вынікаў катастрофы ў 1988 — 1989 гадах, а таксама грамадзянам, эвакуіраваным, адселеным, тым, што самастойна выехалі з тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання з зоны эвакуацыі (адчужэння), зон першачарговага і наступнага адсялення, пенсіі павышаюцца на 25 %. Не прадугледжана ўзгаданая надбаўка ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі ў 1986 — 1987 гадах у зонах першачарговага і наступнага адсялення.

 

— Што трэба для атрымання статусу пацярпелага ад чарнобыльскай аварыі?

— Грамадзянін павінен пацвердзіць звесткі працоўнай кніжкай, ваенным білетам (калі там маюцца неабходныя даныя) або даведкамі працадаўцаў ці архіўных устаноў, у якіх паказваецца тэрмін работы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, зона радыяактыўнага забруджвання, назвы тых населеных пунктаў, дзе праходзіла праца, першасныя дакументы, на падставе якіх выдадзены даведкі. Больш падрабязную інфармацыю пра льготы пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Браслаўскага райвыканкама (каб. 2, тэл. 62-7-77).

 

— Дзякую, Інэса Браніславаўна, за змястоўныя тлумачэнні.

 

Гутарыла Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.