У Браслаўскім раёне ўжо засеялі 23 % ад запланаваных плошчаў

Экономика и финансы
Дзякуючы неблагому надвор’ю справы на веснавых палявых работах у гаспадарках раёна пойдуць хутчэй. Цяпло проста неабходна, каб пачаць сяўбу крыжакветных культур і царыцы палёў — кукурузы. Дарэчы, і дагэтуль аграрыі Браслаўшчыны ніводнага дня не прастойвалі: працавалі і працуюць без выхадных з 7 раніцы да 9 гадзін вечара з перапынкамі толькі на абед і падвячорак.

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарча на 20 красавіка, на палетках раёна ўзарана 2 653 гектары глебы, што складае амаль 30 % ад плана. Пад веснавую сяўбу падрыхтавана 26 % глебы. На ўчарашні дзень у раёне засеялі 4 277 гектараў, або 22,6 % агульнага веснавога кліна.

Найбольшыя плошчы ўжо засеяны ў «Маяку Браслаўскім» (1 313 га), другія ў пасяўной гонцы — аграрыі з ААТ «АГРАВІДЗЫ» (763 га), трэція — з ААТ «Слабодка-агра» (593 га). Шпарка працуюць і ў «Браслаўскім»: там ужо засеялі амаль 35 % ад плана, больш толькі ў «Маяку Браслаўскім» (40,4 %).

Усе гаспадаркі раёна, акрамя «Слабодкі-агра», прыняліся за падсеў шматгадовых траў. Хімпраполку на 205 га правялі ў «АГРАВІДЗАХ» і на 50 — у «Бярозавым краі», астатнія яшчэ не браліся за гэтую работу.

Такім чынам, сельгаставарыствы раёна зладжана ўключыліся ў складаны і напружаны пасяўны сезон, з разуменнем вялікай адказнасці закладваюць аснову будучага ўраджаю.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.