Забастоўка даярак і «баксы на бочку». Пра што пісала «Браслаўская звязда ў 1995-м»

Калейдоскоп

ЁСЦЬ УЗОРНЫ КАЛЕКТЫЎ!

Упершыню калектыў мастацкай самадзейнасці з Браслаўшчыны ўдастоіўся высокага звання ўзорнага. Гэтай пачэснай узнагародай адзначаны аркестр народных інструментаў Дома піянераў, якім кіруе Уладзімір Аляксандравіч Сакалоўскі, таленавіты музыка і апантаны сваёй справай чалавек. Абласное журы ацаніла даволі складаную праграму калектыва і ў сваім меркаванні было аднадушным: аркестр мае поўнае права насіць ганаровае званне ўзорнага!

 

РЭГІСТРАЦЫЯ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ

На пасяджэнні акруговай камісіі 12 красавіка адбылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па Браслаўскай выбарчай акрузе № 40. Першым гэты этап перадвыбарнай кампаніі паспяхова прайшоў С. П. Мітрафанаў, затым пасведчанні атрымалі А. М. Лапкоўскі, К. С. Шыдлоўскі, А. Р. Пашкевіч, А. А. Семянец, У. А. Грынкевіч, К. А. Палуэктаў і А. М. Кіцук. Найбольшую колькасць подпісаў сабрала ініцыятыўная група дырэктара Браслаўскай СШ № 1 А. Р. Пашкевіча.

 

ДАЧАКАЛІСЯ

Калі настаўніцкі, а затым і свабодны прафсаюзы папярэджвалі ўрад пра маючую адбыцца забастоўку, чыноўнікі, крытыкуючы іх дзеянні, спасылаліся на сялян. Маўляў, ім не лягчэй, аднак яны церпяць і не будуць баставаць, бо не пакінуць незасеяным поле ці някормленай жывёлу. Аказваецца, пралічыліся. На днях у знак пратэсту супраць таго, што ўжо чатыры месяцы не атрымліваюць зарплату, забаставалі даяркі фермы «Завер’е» калгаса імя Леніна.

 

НЯЎЖО ЎЛАДЫ НЕ СТАЕ?

Не сціхаюць у раёне размовы пра неабходнасць больш пільнай аховы ўнікальнай прыроды Браслаўшчыны. Адны перакананы, што гэта можна зрабіць толькі ў нацыянальным парку, другія лічаць, што дастаткова прытрымлівацца заканадаўства. А як жа яно выконваецца ў наваколлях горада? Амаль усе берагі Дрывят, Бярэжжа, Навят разараныя пад агароды. А ў раёне рыбгаса і турбазы тыя, хто мае тэхніку, сувязі ці нахабства, зусім распаясаліся. Ці мала ў нас улады, каб навесці парадак?

 

ПЕРАПІС ЗВЯРОЎ

У паляўнічай гаспадарцы раёна праведзены пералік дзікіх жывёл. Яго вынікі сведчаць, што колькасць ласёў крыху зменшылася і складае каля 500 асобін. З дзікамі справы горшыя: іх папуляцыя збяднела на 20 – 30 % і налічвае крыху больш за 500 галоў. Казуль налічылі 1 000 асобін. Сярод пушных звяроў назіраецца змяншэнне колькасці янотападобнага сабакі, норкі, андатры. А вось рысі, бабры, зайцы-шаракі сталі сустракацца часцей. Побольшала і цецерукоў, курапатак ды рабчыкаў.

 

ЯК ВЫЖЫЦЬ?

Ці дачакаецца жывёла свежай травы? Гэтае пытанне трывожыць жывёлаводаў і спецыялістаў калгаса «Прагрэс». Небывалы дэфіцыт кармоў прывёў да бяскорміцы. Галоўны заатэхнік мяркуе, што трэба купляць хоць салому, а старшыня шкадуе паліва на яе дастаўку перад веснавой сяўбой. Што ж, лічыць калгасную капейку — справа пахвальная. Толькі варта навучыць кароў эканамічнай грамаце, каб яны разумелі, што жаваць завазныя кармы разбуральна для гаспадаркі.

 

ШТУЧНЫЯ ЦЯЖКАСЦІ

Чытач, абураны рашэннем гарсавета, піша: «Падобна, што ў гарадскім органе ўлады сядзяць людзі, якія толькі і думаюць, як ускладніць жыццё гараджанам. Прызвычаіліся вяскоўцы гандляваць малаком, смятанай, іншымі прадуктамі ля «Універсама» і «Гаставараў» — замацуйце за імі гэтае права, бо пляцоўкі выбраны ўдалыя, шматлюдныя. Дык не, гарсавету трэба ўсё перайначыць. Ён цяпер спрабуе гандляроў вытурыць у зусім нязручныя месцы і выдаць гэта за «бацькоўскі» клопат. Чаго варта такая работа?»

 

БАКСЫ НА БОЧКУ

Праз наш пагранічны раён апошнім часам шнуруюць узад-уперад усе, хто толькі не лянуецца. На браслаўскіх дарогах сустракаюцца машыны з самымі экзатычнымі нумарамі. А якая карысць ад гэтага раёну? Дэпутаты райсавета ўвялі мясцовы мэтавы збор за паркоўку транзітнага аўтатранспарту іншаземных дзяржаў. Цяпер вадзіцелі замежных аўтамабіляў павінны плаціць 5 долараў ЗША або 10 дойчмарак на пагранічным пераездзе «Урбаны». Грошы пойдуць на патрэбы сацыяльнага развіцця тэрыторыі раёна.■

 

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО