«Маяк Браслаўскі» лідзіруе ў пасяўной кампаніі

Деньги
Аграрыям паўночнага рэгіёна нават ранняя вясна не дала пачаць пасяўную кампанію загадзя. Нізкія начныя тэмпературы паветра, ападкі нават у выглядзе снегу рэгулярна псавалі планы і браслаўскім раслінаводам.

У мінулым годзе ў гэты час сяўба ішла хуткімі тэмпамі: падрыхтавалі глебы больш за 3 800 га, засеялі — 2 319 га. Сёлета ж гаспадаркі раёна (не ўсе) пачалі сеяць збожжавыя культуры толькі на гэтым тыдні. На раніцу пятніцы ў раёне падрыхтавана 1 096 га глебы пад веснавую сяўбу, засеялі толькі 631 га плошчаў, што ад плана складае ўсяго 4,8 %.

Першымі трактары з сеялкамі загулі на палетках ААТ «Друйскі». На наступны дзень далучыліся яшчэ тры гаспадаркі, у пятніцу ўжо сеялі ў пяці.

Са старту ў лідары вырваўся флагман нашага раёна — СВК «Маяк Браслаўскі». І не дзіўна. У «Маяку» хапае тэхнікі, уся яна была добра падрыхтавана і чакала свайго выхаду на лінейцы гатоўнасці, вопытныя і адказныя механізатары таксама ўжо з нецярпеннем прадчувалі пачатак сельскагаспадарчых работ і ўзяліся за іх з імпэтам.

Напрыклад, Віталій Васілевіч выехаў сеяць збожжавыя культуры адным з першых. Яго магутны МТЗ-3522 з шасціметровай сеялкай упэўнена засявае да 100 га за дзень. Механізатар тры гады таму назад атрымаў трактар «у спадчыну» ад бацькі, які пайшоў на заслужаны адпачынак, але і сёння машына выглядае як новая, бо Віталь даглядае яе як след. Толькі так, лічыць мужчына, яна адслужыць доўга і без асаблівых фінансавых укладанняў.

На працягу года механізатар выконвае розныя работы: сее ды арэ, працуе на корманарыхтоўцы, але прызнаўся, што найбольш яму падабаецца засяваць палі. Потым бачыць, як узыходзіць зерне, які дае ўраджай. Хоць сеяць без прарэх складана, гэтаму трэба навучыцца, кажа Віталь, і толькі вопыт дапамагае разабрацца ў тонкасцях ды рабіць гэта правільна.

Аграрыі сельгаскааператыва выкарыстоўваюць кожны пагодны дзень максімальна: «Кіраўцы» рыхтуюць глебу, за імі рухаюцца пасяўныя агрэгаты. За дзень яны апрацоўваюць і засяваюць больш за 100 га. Такім чынам, на раніцу ўчарашняга дня ў СВК «Маяк Браслаўскі» падрыхтавалі да сяўбы 444 га, або 13,7 % ад плана, і засеялі 283 га (12,3 %). Пакуль у гаспадарцы ў глебу кладуць зерне аўса і ячменю.■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.