Браслаўчане пра доўгія канікулы: «Добрае рашэнне, здароўе — самае галоўнае»

Власть и общество
У мінулы панядзелак школьнікі павінны былі вярнуцца на заняткі з вясновых канікулаў. Але з-за эпідэміі каранавіруса дзеці застануцца дома яшчэ на тыдзень. «Браслаўская звязда» пацікавілася, што на гэты конт думаюць педагогі, бацькі і самі вучні.

Юрый САПОНЬКА, бацька шасцікласніка:

— Думаю, што ў дадзенай сітуацыі падоўжаныя канікулы — неблагі варыянт. Многіх бацькоў вельмі хваляваў той факт, што значная колькасць дзяцей знаходзіцца ў невялікім памяшканні. Таму рашэнне Міністэрства адукацыі — добрая магчымасць мінімізаваць такі кантакт. Мы гаворым з сынам пра сур’ёзнасць сітуацыі, нагадваем пра прафілактыку. Абмежавалі наведванне ім людных месц, у прыватнасці магазінаў, але сочым, каб Мікіта выходзіў на прагулкі, не сядзеў без свежага паветра. Сын, знаходзячыся на дадатковых канікулах, не траціць часу дарэмна, бо мы прапаноўваем яму заняцца рознымі справамі, у тым ліку хатнімі. Не забываецца ён і пра школу: цяпер вось рашае тэсты па англійскай мове.

 

Людміла КАПТУР, дырэктар Браслаўскай гімназіі:

— Лічу працяг канікулаў правільнай і своечасовай мерай. Напярэдадні прыняцця гэтага рашэння, у суботу, мы ў гімназіі па выніках праведзенага дыстанцыйнага апытання мелі рэальную карціну: больш за 90 % бацькоў не збіраліся адпраўляць дзяцей на ўрокі. Прапушчаныя тэмы можна навярстаць: прымяняючы сучасныя тэхналогіі, у тым ліку інфармацыйныя, гэта магчыма. Ды і нашы навучэнцы не губляюць часу дарэмна: у сацыяльных сетках створаны групы, дзе кантактуюць настаўнікі і дзеці, працягваюцца індывідуальныя кансультацыі ў педагогаў. Тым часам ідзе шмат конкурсаў, у якіх можна ўдзельнічаць дыстанцыйна. Працуе гімназічны сайт, які анансуе падзеі, і кожны жадаючы можа нешта выбраць і праявіць сябе. Творчы патэнцыял дзяцей як развіваўся падчас заняткаў, так развіваецца і цяпер.

 

Арына АРЭХ, адзінаццацікласніца СШ № 1:

— Я станоўча ўспрымаю працяг канікулаў. Думаю, што так зрабіць трэба было нават і раней, калі ўвесь свет узварушыўся з-за каранавіруса. Вось, напрыклад, мая сяброўка жыве з бабуляй і вельмі баіцца за яе. Праўда, з аднаго боку, дзеці на канікулах, а з другога — іх бацькі ходзяць на працу. Крыўдна за дарослых: яны ставяць пад небяспеку сваё жыццё. Няхай бы і ім увялі каранцін, бо здароўе на першым месцы. Дзіўлюся, дарэчы, з безадказнасці некаторых людзей, якія не засцерагаюцца і вядуць звыклы лад жыцця, тым самым рызыкуюць і сваім жыццём, і чужым. Асабіста я цяпер вельмі рэдка выходжу, толькі хіба каля дома прагуляцца на свежым паветры. Вучу экзаменацыйныя білеты па гісторыі, займаюся па іншых прадметах — час цалкам запоўнены. З хваляваннем думаю, як будзе праходзіць ЦТ.

 

Герман ВАЙТКЕВІЧ, вучань 4 «Б» класа СШ № 2:

— Калі я даведаўся, што канікулы прадоўжылі, то вельмі ўзрадаваўся. Але цяпер ужо пачаў сумаваць па сваіх аднакласніках і настаўніцы. Праўда, я зразумеў, што крыху баюся захварэць на гэты каранавірус. Таму, калі іду, напрыклад, у магазін, абавязкова надзяваю маску і пальчаткі. А ў асноўным сяджу дома. Можна паспаць даўжэй, паглядзець тэлевізар, пагуляць у тэлефоне ў гульні. У нас свой дом, і я спакойна выходжу пабегаць з мячом па двары. Добра было б, каб і дарослым аб’явілі каранцін, а то на рабоце многа людзей, і калі захварэе нехта адзін, то і ўсе астатнія таксама могуць.■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.